СЕЛЬСКИЕ ВЕСТИ
Дэградацыя глебаў – рэальная пагроза харчовай бяспецы і экалагічнай раўнавазе на Беларусі
Сёння адзначаецца Сусветны день барацьбы з апустыньваннем і засухай. Яшчэ дзесяцігоддзе таму беларусам, можа, і няварта было звяртаць увагу, пра што кажуць гэтым днём. Але ж – толькі не зараз! У апошнія гады кліматычныя катаклізмы непасрэдна закранулі нас. Ці не пераўтворыцца Сінявокая ў стэпавы альбо нават пустынны край? Што трэба рабіць, каб зменшыць негатыўны уплыў па прычыне дэградацыі глебаў з-за пагодна-кліматычных асаблівасцей і дзейнасці чалавека?..
Менш ежы, менш адзення…
Намеснік начальніка упраўлення біялагічнай і ландшафтнай разнастайнасці Мінпрыроды РБ Андрэй КУЗЬМІЧ кажа, што сёлета тэматыку сусветнага дня можна коратка акрэсліць 3-ма словамі: харчаванне, кармы, валакно. Па меры павелічэння колькасці насельніцтва Зямлі расце і попыт на рэсурсы глебы, неабходныя для вытворчасці харчоў для людзей, кармоў для жывёлы і валакна для вырабу адзення.
“Зараз 70 адсоткаў усіх зямель на планеце выведзены з натуральнага стану, што стварае залішнюю нагрузку на прадуктыўнасць і “здароўе” глебы, – паведаміў А. Кузьміч падчас нядаўняй прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры. – Справа ў тым, што захаванне і аднаўленне глебаў – гэта складнік выкання мэтаў устойлівага развіцця, які прыносіць розныя спадарожныя выгады. Да таго ж, ежа, якую мы спажываем, і адзенне, што апранаем, аказваюць уздзеянне на землі, размешчаныя за тысячы кіламетраў ад нас. Але кожны можа абараніць зямельныя рэсурсы за кошт унясення ў сваё жыцце зменаў. Трэба для гэтага проста ўсвядоміць свае рэальныя патрэбы: зрабіць так, каб аб’ём харчовых адходаў і непатрэбнага адзення стаўся мінімальным”.
У нашай краіне…
Праблеме аховы земляў, іх рацыянальнаму выкарыстанню надаецца шмат увагі, лічыць прадстаўнік Мінпрыроды. Працягваецца рэалізацыя адпаведнага “Нацыянальнага плана дзеянняў…” Так, згодна з дакументам, у мінулым годзе праведзена экалагічная рэабілітацыя тарфянікаў на агульнай плошчы больш за 2,7 тыс. га. На 276 га былых лясных пажараў праведзена лесаўзнаўленне, а таксама лесаразвядзенне – на 25 га. Рэкультававаны 221 унутрыгаспадарчы кар’ер агульнай плошчай 192 га.
Для падтрымання ўрадлівасці сельгасугоддзяў унесена больш чым 149 млн т арганічных угнаенняў. Пашыраецца выкарыстанне сістэм дакладнага земляробства пры ўнясенні мінеральных угнаенняў і сродкаў абароны раслін, што дазваляе мінімізаваць паступленне хімічных рэчываў у глебу (у мінулым годзе – на плошчы больш чым 270 тыс. га). Таксама выкарыстоўваюцца тэхналогіі мінімальнай апрацоўкі глебы (летась – на 330 тыс. га сельгаугоддзяў пераважна ў Гомельскай вобласці).
На 2020 год прадугледжана паўторнае забалочванне тарфянікаў у Хойніцкім і Калінкавіцкім раёнах. Адпаведная дамова падпісана, асноўныя мерапрыемствы будуць праведзены да канца года. Таксама плануецца завяршыць пачатыя раней працэсы экалагічнай рэабілітацыі тарфянікаў у Смаргонскім, Вілейскім, Міёрскім, Шаркаўшчынскім раёнах.
Аб зменах клімату
Планы эколагаў, чыноўнікаў, грамадскасці зараз не могуць не улічваць тыя сур’езныя пагодна-кліматычныя змены, якім адбываліся, прынамсі, мінулай зімой. Ці ў красавіку 2019-га, які выдаўся самым сухім за усю пасляваенную гісторыю на тэрыторыі Беларусі. І ужо зусім нядаўна, у разгар пасяўной-2020, у тым жа красавіку, на Гомельшчыне выпала рэкордна нізкая колькасць ападкаў – усяго 19% ад нормы.
Што рабіць? Рупіцца трэба, кажа А. Кузьміч, пра ўзняцце ўзроўню грунтовых вод найперш на Палессі, але і ў іншых раёнах Беларусі – таксама. Гэтаму як раз і будзе садзейнічаць паўторнае забалочванне дэградаваных тарфянікаў, на якіх далейшая сельскагаспадарчая вытворчасць немэтазгодная.
“На наш погляд, варта ўзнавіць практыку стварэння полеахоўных насаджэнняў, якіх паўсотню гадоў таму было 7,5 тыс. га, а цяпер засталося, па экспертных ацэнках, – не больш чым 1,5 тыс. га, – падзяліўся думкамі А. Кузьміч. – На першым этапе, канешне, будуць затраты, але ў перспектыве яны дадуць пазітыўны эфект – у выглядзе змяншэння паветранай эрозіі глебаў, захавання пасеваў, павелічэння ўраджаяў. Усе гэтыя прапановы і меры па прадухіленні дэградацыі глебаў плануем адлюстраваць ужо ў новым “Нацыянальным плане дзеянняў…”, разлічаным на 2021-2025 гады”.
У якасці ілюстрацыі: выкарыстана фота з серыі, зробленай вядомым беларускім фотамайстрам мінулай вясной на Беларускім Палессі. Там можна было назіраць сапраўдныя пыльныя буры…
Фото Сяргея ПЛЫТКЕВІЧА, www. planetabelarus.by