ГЛАС(З) НАРОДА
Патрыятызм ці… лаяльнасць?

Інстытут сацыялогіі НАН Беларусі не так даўно апублікаваў вынікі тэлефоннага сацапытання, якое праводзілася з 27 сакавіка па 11 красавіка і было прысвечана Вялікай Айчыннай вайне і гістарычнай памяці. Акрамя стаўлення да Перамогі і подзвігу савецкага народа, даследчыкі высвятлялі таксама, як беларусы разумеюць патрыятызм. Ацэньваючы атрыманыя дадзеныя, незалежны беларускі сацыёлаг Генадзь КОРШУНАЎ паразважаў пра тое, як уладам не ўдаецца замясціць патрыятызм лаяльнасцю.
Самы распаўсюджаны адказ на пытанне «Што для вас значыць быць патрыётам Беларусі?» – «Быць адданым беларускай зямлі і народу» (62,1%). Сярод іншых папулярных варыянтаў – «Паважаць дзяржаўную сімволіку і гісторыю Беларусі», «Любіць беларускую культуру і мову», «Жыць і працаваць у Беларусі».
Нягледзячы на бясконцыя вайсковыя вучэнні і мілітарысцкую рыторыку ўладаў, варыянт «Быць гатовым абараняць сваю краіну» абрала крыху больш як палова апытаных (54,5%). І яшчэ менш прыхільнікаў у адказу «Быць верным беларускай дзяржаве» – 45%.
Выглядае на тое, што апытанне не выканала задачу, дзеля якой замаўлялася ўладамі, і не пацвердзіла найвышэйшы ўзровень лаяльнасці грамадзян дзяржаве. Пракаментаваць лічбы афіцыйнай статыстыкі, а таксама «патрыятычныя» настроі беларусаў, якія чытаюцца паміж радкоў, “Филин” папрасіў старшага даследчыка “Цэнтра новых ідэй”, незалежнага сацыёлага Г. Коршунава.
– Тут зразумела, што хацелася некаторым адпрацаваць ідэалагічную павестку. Але, калі адкінуць убок пэўныя метадалагічныя пытанні, то Інстытут сацыялогіі паказаў дадзеныя, якія лепей бы ім не паказваць, каб не сесці ў лужыну, – зазначае эксперт. – Калі паглядзець на даследаванне нацыянальнай ідэнтычнасці, якое ладзіў сацыёлаг Філіп БІКАНАЎ, – мы бачым, што насамрэч абсалютная большасць беларусаў з’яўляецца патрыётамі – тымі, хто любіць сваю краіну. Але справа ў тым, што карціна Беларусі ў галовах людзей – вельмі розная.
Скажам, ёсць «савецкая» мадэль – гэта той наратыў, які прасоўваюць улады, а ёсць «нацыянальная» – тое, што ў прапагандзе называюць «свядомыя». І гэта – палярныя рэчы. Аднак значная частка людзей малюе ў свядомасці сваю, асабістую карціну Беларусі, якая не вельмі ўкладаецца ў гэтыя палюсы.
Калі разумець агульны стан ідэнтычнасцяў менавіта так, то лічбы Інстытута сацыялогіі становяцца больш зразумелымі.
Мы бачым, што на першым месцы стаіць асноўнае для большасці апытаных – любоў да сваёй зямлі. І гэтая пазіцыя вельмі блізкая ўсім, незалежна ад таго, на якім полюсе, прасавецкім ці нацыянальным, знаходзіцца чалавек.
– Дзіўна, што ў апытанні гэта сфармулявана не простымі словамі «любіць Беларусь» ці «любіць родную зямлю», а так пафасна, «быць адданым». Як быццам нельга радзіму проста любіць…
– Калі не выносіць за дужкі пытанне прафесіяналізму таго, хто складаў такія адказы, тут шмат што можна казаць. Я таму і абазначыў напачатку, што відавочна хацелі адпрацаваць нейкі ідэалагічны момант, таму “напхалі” крыху пафасу. Хаця з навуковага пункту гледжання фармулёўкі мусяць быць больш нейтральнымі.
Але калі вярнуцца да адказаў… Заўважце, як яны размеркаваліся па папулярнасці. Вось на першым месцы – «любіць зямлю беларускую», гэта блізка ўсім. Незалежнасць Беларусі, як мы бачым фактычна па ўсіх апытаннях, – абсалютная каштоўнасць для беларусаў, за ўваход у Расію выказваюцца толькі 5-6%. Два моманты – незалежнасць краіны і нежаданне ўступаць у вайну напоўніцу – тое, што аб’ядноўвае ўсіх беларусаў.
Ідзем далей: на другім месцы стаіць павага да дзяржаўнай сімволікі і гісторыі Беларусі. Тут можна інтэрпрэтаваць вынікі і ў той бок, і ў гэты: і ў савецкі, і ў нацыянальны. Але тое – датычна больш сімвалаў; калі мы кажам пра шанаванне гісторыі – таксама можна ацэньваць па-рознаму, але на мой погляд, гэта ўсё ж не пра савецкі падыход.
Трэці па папулярнасці адказ – «Любіць беларускую культуру і мову». Тут таксама ёсць нюансы, аднак, паколькі закранаецца пытанне мовы, – я казаў бы, што гэта больш на карысць нацыянальна-свядомаму руху.
Наступны адказ – «Жыць і працаваць у Беларусі». Тут наўрад ці нейкія падтасоўкі, гэта сапраўды вельмі важна. І па гэтаму моманту трэба будзе шмат працаваць, на яго, я лічу, трэба звяртаць асаблівую ўвагу СМІ. Хаця беларускія медыя ў выгнанні збольшага разумеюць, што адбываецца пэўны адрыў ад беларускай павесткі на месцах, усё ж трэба ўлічваць гэты фактар і працаваць на тое, каб гэты разрыў быў менш адчувальным.
Г. Коршунаў адзначае, што варыянт разумення патрыятызму «Быць верным беларускай дзяржаве» знаходзіцца ў ліку апошніх, толькі на шостым месцы:
– На мой погляд, гэта – самае цікавае ў дадзеных, разрыў, на якім варта сфакусавацца: «Любіць беларускую культуру і мову» – на трэцім месцы, а «Быць верным дзяржаве» – на шостым. Бо гэта менавіта тое, на што намагаецца рабіць упор беларускі рэжым, калі не грамадства, не краіна, а менавіта дзяржава высоўваецца на першае месца. Але, як мы бачым, не вельмі ў іх гэта атрымліваецца.
У логіцы дзейснага рэжыму гэтая пазіцыя мусіла б быць на першым месцы. І тое, што Інстытут сацыялогіі паказвае, што гэта далёка не так – мяркую, іхні ідэалагічны пракол. Савецкая ўстаноўка на перавагу дзяржавы, нягледзячы на ўсе высілкі, – не ў топе прыярытэтаў.
На думку даследчыка, рэч не ў тым, што беларуская сістэма недапрацоўвае ў ідэалагічным плане – устаноўкі выкручаныя на максімум, але ўздзейнічаюць яны на людзей неэфектыўна. Беларусы, якія пабачылі ў 2020 годзе, чым можа быць дзяржава – інструментам рэжыму, а не праявай грамадства – не спяшаюцца прысягаць ёй на вернасць.
– Тым не менш, гэтыя апублічаныя лічбы – спроба зрабіць добрую міну пры дрэннай гульні ці чыйсьці недагляд?
– Калі беларускія прадзяржаўныя эксперты намагаюцца казаць нешта неўзгодненае, яны вельмі часта пракалваюцца, – гаворыць Г. Коршунаў. – Так, напрыклад, у выступе аднаго з экспертаў БІСД (Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў) прагучала, што грамадзяне – гэта рэсурс для дзяржавы. Нішто сабе!
Ва ўсім дэмакратычным свеце людзі, народ – гэта крыніца ўлады, а ў нас шчыра кажуць: ды ніякая не крыніца, проста – рэсурс. Тое ж самае і тут: па гэтым даследаванні мы бачым, што дзяржава далёка не на першым месцы ў вызначэнні патрыятызму для беларусаў.
І гэта таксама было чакана, бо па шмат якіх даследваннях, што праводзіліся і да 2020 года, і зараз, бачна: запыт на раздзяржаўліванне, змяншэнне ролі ўладаў, пераразмеркаванне ўладных паўнамоцтваў на больш нізкія ўзроўні – ён у грамадстве вялікі. Інстытут сацыялогіі фактычна спраўджвае гэту інфармацыю, сам не разумеючы, што… гуляе тут супраць рэжыму Аляксандра ЛУКАШЭНКІ – не тое каб моцна, але бачна.
– Ці можна зрабіць выснову, што і беларусы ўнутры краіны, якія ставяць родную зямлю і народ вышэй за дзяржаву, падсвядома адмяжоўваюць сябе такім чынам ад рэжыму?
– Так, цалкам слушная выснова. Пры тым – варта мець на ўвазе, што гэта было тэлефоннае апытанне. І сказаць, што патрыятызм не звязаны з любоўю да дзяржавы, думаю, шмат каму было цяжка. Таму, мяркую, лічбы тых, хто выбраў гэты варыянт, у рэчаіснасці яшчэ ніжэйшыя.
У якасці іллюстрацыі выкарастана дыяграма Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі