ГЛАС(З) НАРОДА

Былы бізнэсмэн пасадзіў пермакультурны лесасад

Бізнэсмэн кінуў працу ў Маскве і Піцеры, пасадзіў экзатычныя расліны ў беларускай вёсцы і пераехаў жыць у лес. DownShifter.by выбраўся ў госці да Іллі РЭМЕЗА, які ўжо 10 гадоў вырошчвае пермакультурны лесасад.

«Прарочы сад» («Вещий сад») – менавіта так былы бізнэсмэн назваў справу свайго жыцця – знаходзіцца ў аграгарадку Прусы Старадарожскага раёна. А нядаўна Ілля прамяняў свой аграгарадок на хатку сярод лесу ў глухой вёсцы Бабруйскага раёна, што ў 50 км ад саду, таму спачатку мы накіроўваемся туды.

Домік у вёсцы

Вёска Гародчына сустракае нечакана – спачатку заканчваецца асфальт, затым – грунтоўка, пасля – пачынаецца лес і на працягу двух кіламетраў дарогі даводзіцца аб'язджаць пясчаныя купіны і глыбокія каляіны.

Становіцца зразумела, чаму Ілля прамяняў свой аграгарадок на гэтую глуш. Прыгожы сасновы лес з маладымі дубамі ў падлеску расступаецца і я трапляю ў вёску. Яна сустракае парай разваленых хат і хлявоў, высачэннымі ліпамі і свежаўкапанымі слупамі лініі электраперадачы. Толькі па апошніх – разумею, што еду правільна. Іншых прызнакаў жыцця тут не відаць. Неўзабаве дарога ўпёрлася ў машыны мясцовых энергасетак, якія прыпаркаваліся ля адзінай на ўсё Гародчына ўцалелай хаты. У ёй я і знаходжу гаспадара.

Старая хата ўражвае падабенствам сваёй планіроўкі і абстаноўкі на хату маёй бабулі – такая ж печ, стары буфет, стол, нават канапа стаіць у такім жа месцы. Адзінае адрозненне – замест ложкаў у Іллі пасярод хаты размясціўся вялікі намёт. Там гаспадар і знайшоў часовы прытулак, пакуль хата цалкам не прыстасаваная для жыцця.

Планы ў Іллі на гэтае месца сапраўды напалеонаўскія: да зімы перакласці падлогу, замяніць печ і вокны.

– Сёлета я хачу зімаваць ужо тут. Нават калі не паспею ўсё зрабіць, буду спаць у намёце. Яшчэ адну зіму ў Прусах, разам з людзьмі адрозных поглядаў, я не вытрымаю.

Прусы для Іллі – часовы варыянт, на які ён пайшоў дзесяць гадоў таму, каб папрактыкавацца ў пермакультуры. Да гэтага 7 гадоў пражыў у Маскве і Піцеры. Меў там фірму, якая ладзіла працоўныя і адукацыйныя выезды людзей за мяжу, у асноўным па праграме "Work and Travel".

– Акурат у той год у Расіі адбываліся чарговыя прэзідэнцкія выбары, на вуліцах рабілася чорт ведае што. А я сядзеў і думаў: што тут увогуле раблю? Вады нармальнай няма, ежы нармальнай няма, нават паветра нармальнага няма. Аднойчы атруціўся курыцай і з таго часу стаў вегетарыянцам, пачаў цікавіцца харчаваннем, зразумеў, што ежу трэба вырошчваць самаму. А дзе вырошчваць – у Пецярбургу на падваконні? – успамінае суразмоўца.

Затым Ілля стаў сыраедзіць. Гэта вельмі дарагая забава для гараджаніна, нават нягледзячы на тое, што грошай у Іллі тады было шмат, нават не паспяваў іх траціць. Жыў ён у маленькай кватэрцы. Каб з кімсьці сустрэцца, трэба было чакаць два тыдні, бо ўсе працуюць. Да таго ж бізнэс стаў даваць збоі, пачаліся праблемы з персаналам. Вельмі часта Ілля заставаўся адзін на ўвесь офіс. А хацелася жыцця яшчэ па-за офісам.

– Я ўжо ў той час пачаў цікавіцца экапасяленнямі і ездзіў у розныя з іх. Нават збіраліся з сябрамі ў Піцеры, абмяркоўвалі будучую камуну, статут распрацоўвалі, шукалі месца. Але нас хапіла толькі на сустрэч восем-дзесяць, потым усё рассыпалася, – разважае Ілля. – Асноўная праблема ў тым, што людзі альбо не ўмеюць, альбо не хочуць дамаўляцца. Напрыклад, мы вегетарыянцы, таму не дапусцім, каб у нашым пасяленні елі мяса і рыбу. А ў нас была дзяўчына, якая сказала: «Я зараз цяжарная і адчуваю, што мне трэба есці рыбу. І што вы будзеце рабіць – выганяць мяне ці што? Калі для вас від харчавання важнейшы за ўсё астатняе, то я застаюся ў горадзе». Так адзін за другім усе і адваліліся.

Увесь час жыцця ў Расіі Ілля марыў пра домік у вёсцы. Апошняй кропляй стала кніга Аляксандра УСАНІНА «Пропуск у трэцяе тысячагоддзе». Яна натхніла Іллю і дала зразумець, што кожны сам можа будаваць сваё жыццё. Ён зразумеў, што пакуль фізічна сябе не перамесціць у іншае месца, нічога не зменіцца і офіс яго не адпусціць. Так ён прыняў складанае рашэнне закрыць фірму і паехаць да бацькі ў Беларусь.

Цікава, што потым ужо, калі прыехаў жыць сюды, зазірнуў у свае запісы са  штогадовымі планамі, а там апошнія пяць гадоў – адзін і той жа пункт: домік у вёсцы, домік у вёсцы, домік у вёсцы...

Свет раслін

Ілля ўзяў пару лапікаў зямлі ля бацькавага дому і стаў закладаць там сад –  трэба сказаць, што расліны Ілля любіў з дзяцінства. Ужо вярнуўшыся ў Беларусь, стаў праходзіць навучанне па пермакультуры, у асноўным ва Ўкраіне. Сёння Ілля – адзін з нешматлікіх у Беларусі адмыслоўцаў у гэтай сферы, які мае права навучаць сертыфікаванаму пермакультурнаму дызайну.

– Дзякуючы навучанню я зразумеў, што пермакультурны дызайн – гэта адзіны шлях для асабістага развіцця і для захоўвання нашай планеты, – кажа малады чалавек. – Таму што ўсё, што робіцца іншымі шляхамі, – аднабокае, раздробленае і таму не толькі не эфектыўнае, але яшчэ і шкоднае. Я доўга шукаў сэнс жыцця і зразумеў, што любая істота на працягу жыцця паляпшае сваё наваколле. А чалавек можа зберагчы і павялічыць прыроднае багацце. Можна стаць цалкам незалежным. Пазл склаўся ў пермакультурным дызайне.

За гэтыя 10 гадоў у Прусах паціху вырас «Прарочы сад», поўны экзатычных раслінаў. Але ўвесь гэты час мужчына быў у перманентным пошуку свайго ўласнага месца:

– Гэтай вясной я адчуў, што засядзеўся. У пэўны момант ужо проста прыпякло. Жыць там стала немагчыма – паўсюль гэтыя камбайны, трымеры, пластыкі… Ну, і патрэбна была свая прастора. Усё ж такі я жыву з бацькам – гэта зусім іншая справа. Таму палез у Інтэрнэт паглядзець на карце вёскі паблізу. І гляджу – нейкая маленькая вёсачка літаральна ў лесе. І ўсяго дзве ці тры хаткі відаць з гугла. Акурат сусед-дачнік прыехаў, завёў свой трымер. І я разумею, што ў яго два ўчасткі па 25 сотак, а гэта значыць, што шумець будзе паўдня, а то і цэлы дзень. Усё, дзень сапсаваны. Сеў у машыну і паехаў сюды.

Прыехаў і стаў ля першай хаты. Падышоў да вакна – а там сава. Пад'ехаў да другой хаты і зразумеў, што гэта тое самае месца – лес, цішыня, ніводнага чалавека, зямлі столькі – рабі, што хочаш. Далей усё пайшло як мае быць. Знайшліся гаспадары гэтай хаты, і вось электрыкі ўжо заканчваюць праводзіць электрычнасць з суседняй вёскі. А Ілля перавёз сюды вуллі з пчоламі і плануе сваю будучыню.

На пытанне пра планы смяецца: першачаргова – ажаніцца. Але за гэтым смехам сапраўды адчуваецца вялікая мара знайсці гаспадыню свайго жыцця і гэтага дому.

– Мне ўсе кажуць, калі ты ў сваёй вёсцы нікога не знайшоў, то дзе ты ў гэтым лесе каго знойдзеш? А я адказваю: «Калі я знайшоўся такі вар'ят, то знойдзецца і такая ж вар'ятка».

“Мой шлях не манашаскі…”

У далейшых планах – закласці новы лесасад і зрабіць на гэтым месцы Пермакультурны цэнтр.

– Мой шлях не манашаскі. Калі б я хацеў быць пустэльнікам, мне б нават электрычнасць не спатрэбілася б. Наадварот – я б хацеў, каб сюды прыязджалі аднадумцы, каб сяліліся побач, каб расла нашая суполка.

Ілля бачыць будучы Пермакультурны цэнтр як часткова віртуальную, але ў першую чаргу фізічную пляцоўку, на якую можна будзе прыязджаць навучацца, праходзіць сертыфікацыйны курс па пермакультурным дызайне, паспрабаваць свае сілы ў садаводстве, пабачыць тое, што ўжо зроблена. Такое, вось, месца для назірання. Можна будзе нейкі час тут знаходзіцца, працаваць, асвойваць новыя ўменні, абменьвацца інфармацыяй, досведам, падтрымкай.

– Мая місія – навучыць людзей думаць.  Для гэтага трэба пабачыць іншы лад жыцця, трэба час, трэба навучыцца кіраваць сваёй увагай. Тут могуць дапамагчы медытацыі, прагулкі. Людзі ў большасці сваёй жывуць у думках, а не ў моманце, асабліва цяпер, калі адусюль ідзе такая магутная інфармацыйная плынь, – дзеліцца суразмоўца.

…Нашую размову перарывае гучнае стракатанне цвыркуна дзесьці пасярод хаты. Скарыстаўшыся паўзай, вырашаем прагуляцца па наваколлі. На вуліцы ідзе дождж, але гэта не замінае нам аглядаць краявіды. Ілля паказвае закінутыя хаты і калодзежы, старыя ліпы і клёны, на якіх усталяваў пчаліныя хаткі. Расказвае, што калісьці ў вёсцы стаяў торфазавод, да якога вяла вузкакалейка. Калі прадпрыемства закрылася, не стала працы і людзі пачалі раз'язджацца. Апошні чалавек тут жыў 4 гады назад – у хаце, якую цяпер набыў Ілля.

З таго часу ад вёскі не засталося амаль нічога: паўтары хаты, і нават лінію электраперадачы разам са слупамі давялося пракладваць занава. Ілля плануе  дабіцца, каб да Гародчына зрабілі добрую дарогу. А яшчэ – трэба паставіць агароджу ад дзікіх звяроў, каб можна было саджаць лесасад, зрабіць мінімальныя зручнасці, каб можна было прымаць гасцей: месца для начлегу, доступ да вады і магчымасць прыгатаваць ежу.

 У краме амаль нічога не купляе

Пасля шпацыру па закінутай вёсцы мы едзем паглядзець на «Прарочы сад», які Ілля саджаў сваімі рукамі. Прусы сустракаюць нас роўнымі асфальтаванымі вуліцамі і цагляным дамком, у якім апошнія дзесяць гадоў наш герой жыў разам з бацькам. Побач з домам буяе агарод з капустай, цыбуляй, гарбузамі і кукурузай. На ім – ніводнай травінкі пустазелля, што зусім не адпавядае прынцыпам пермакультуры – гэта агарод бацькі Іллі. За ім, а таксама па другі бок ад хаты на абсалютным кантрасце – дзве часткі незвычайнага лесасаду, у якім праз буйную і густую расліннасць нават сцяжынкі цяжка разгледзець.

Ілля прадзіраецца праз зараснікі пастэрнаку і сыпле часам зусім незнаёмымі мне назвамі: гэта катальпа, аксаміт амурскі, клён зібальда, маакія кітайская, бундук двухдомны, гібіскус, азіміна, гледычыя, зізіфус, карыя пякан, халезія каралінская, ксантацэрас. Некаторыя назвы не памятае нават сам гаспадар –  ён час ад часу падглядвае ў цэтлікі, якія вісяць на раслінах. Між тым, сярод усіх гэтых экзотаў сустракаюцца звычайныя для нас вішні, маліны, ірга, а, калі быць уважлівым, пад нагамі дзе-нідзе можна пабачыць суніцы, часнык, гарбузы.

Сёння ў «Прарочым садзе» – каля 150 відаў раслін і каля 300 гатункаў. Асноўная мэта закладкі саду для Іллі – забеспячэнне сябе і будучай сям'і харчаваннем. Вядома, 10 гадоў для такога праекту – нішто, і шматлікія гатункі пасаджаных арэхаў яшчэ не даюць дастаткова пладоў (а гэта асноўная крыніца бялку, на якую разлічвае гаспадар). Затое тут можна сабраць ураджай такіх грыбоў, як вясёлка, кальцавік, губа шэрая. У садзе расце каля 50 відаў лекавых зёлак. Аж да лістападу можна харчавацца свежымі пастэрнакам, тапінамбурам і морквай.

Добрыя ўраджаі даюць мушмула, яблыні, грушы, персікі. З ранняй вясны можна рваць цыбулю і пятрушку. Расце ў садзе капуста Кейл, якая добра захоўваецца ў маразілцы, кукуруза, насенне сланечніка. Заўсёды ёсць гарбузы і спаржавая фасоль. Незлічоная колькасць ягад, у тым ліку – глог, шыпшына, парэчкі. Адна з крыніцаў карысных рэчываў для Іллі – карэнне цыкорыя, лопуха, хмелю, хрэну, чуфы. Асобна можна назваць прадукты пчалярства – мёд, пяргу, праполіс. На зіму Ілля нарыхтоўвае ягады з мёдам, кляновы сок, сіроп і неверагоднага смаку пастылу.

І хоць стоадсоткавага самазабеспячэння ежай Ілля яшчэ не дасягнуў, але набор прадуктаў, які ён звычайна набывае ў краме, – мінімальны. Гэта марская капуста, рыба, лімоны, кава, чай, шакалад, соль і часам бананы. У фермераў купляе малочныя прадукты, сырадаўленыя алеі і хлеб.

Вядома, я не магу абысці ўвагай відавочны кантраст паміж лесасадам Іллі і агародам яго бацькі і пытаюся, ці ўжывае ён прадукты, вырашчаныя бацькам.

– Магу часам пакаштаваць яго капусту ды іншую гародніну. Але стараюся не ўжываць шмат. Усё ж такі бацька карыстаецца хімічнымі ўгнаеннямі, – такі атрымліваю адказ.

Праца з лесасадам дала Іллю каласальны досвед. Участкі яму дасталіся, мякка кажучы, не самыя простыя – на месцы былых дамоў і звалак:

– Я ж сваімі рукамі ўсё гэта раскопваў, часам на паўметра ў глыбіню, бачыў,  як там сябе адчуваюць пластык, цэгла, шкло, якую біёту вакол сябе ствараюць камяні. Назіраў за каранямі дрэваў, яшчаркамі, лічынкамі насякомых, птушкамі. Гэта – сапраўднае пазнанне свету. Вядома, крыху шкадую сваёй спіны і каленак, але не шкадую, што гэта было менавіта так.

Да ўсіх гэтых складанасцяў дадаюцца яшчэ і цяжкасці з выжываннем экзатычных раслінаў у нашых шыротах:

– Спачатку я перажываў, але ў той жа час разумеў, на што іду. Натуральна, што калі вырошчваюцца экзоты, то частка раслін адаптуецца да нашых умоваў, а частка не праходзіць інтрадукцыю і гіне. Гэта нармальны працэс. Я за гэты час яшчэ ні разу не пакаштаваў ні сваёй хурмы, ні азіміны, ні нават пякану. Але я ўсё яшчэ чакаю ўраджаю. І, самае галоўнае, што калі з гэтай расліны атрымаць насенне, то з яго можна вырасціць наступнае пакаленне ўжо больш устойлівых раслін. І такім чынам павялічваць біяразнастайнасць нашых мясцін. Працэс гэта доўгі, але спяшацца няма куды. Перад намі – вечнасць.

ДАРЭЧЫ

Калі вы зацікаўленыя ў стварэнні Пермакультурнага цэнтру, можаце звярнуцца да Іллі Рэмеза па нумары тэлефона: +375-29-172-51-53, ці ў telegram: @remez_clan. Ён ёсць таксама ў Facebook, VК.  Да Іллі можна прыехаць у любы час паваланцёрыць. У падзяку за гэта вы атрымаеце насенне ці саджанцы каштоўных і рэдкіх відаў раслін.


Система Orphus

ПОИСК ПО САЙТУ

СКАЗАНО!

Дмитрий ЛУЖИНСКИЙ, заместитель генерального директора НПЦ НАН Беларуси по земледелию:

– Для Беларуси не так много надо выращивать сельхозпродукции, особенно в области растениеводства, чтобы обеспечить свою продовольственную безопасность. Например, для закрытия потребностей всего населения Беларуси в хлебобулочных, кондитерских изделиях и всех видах круп, достаточно миллиона тонн зерна. А мы производим только зерновых 6-8 млн тонн каждый год. Уже давно себя обеспечили, голода у нас по этим продуктам не будет. Остальное идет на корм скоту, это – дополнительная продукция животноводства…

ЦИФРА

97% к уровню первого полугодия 2021 г.

в сопоставимых ценах составило производство агропродукции в первом полугодии 2022 г. в хозяйствах всех категорий (сельхозорганизациях, КФХ, ЛПХ) Беларуси.

ГЛАС(З) НАРОДА

Былы бізнэсмэн пасадзіў пермакультурны лесасад

Бізнэсмэн кінуў працу ў Маскве і Піцеры, пасадзіў экзатычныя расліны ў беларускай вёсцы і пераехаў жыць у лес. DownShifter.by выбраўся ў госці да Іллі РЭМЕЗА, які ўжо 10 гадоў вырошчвае пермакультурны лесасад.

СИЗОХРЕНИЯ

Вверх по склону, ведущему вниз…

Вверх по склону, ведущему вниз…

Фото Владимира СИЗА.

ПОЧТА@AGROLIVE.BY

Логин:
Пароль:

(что это)