НА КУХНЕ

«…Традыцыйная ежа – ілюзія шчаслівага часу”

Восень, бадай, адзін з самых “смачных” перыядаў у беларускім традыцыйным календары – час сабранага ўраджаю і разнастайных кулінарных рэцэптаў. “Штодзень” паразмаўляў з дырэктарам Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый Пятром ЦАЛКАМ пра боршч з мёдам, беларускую і стараабрадніцкую кухню і галоўныя рэцэпты добрай ежы.

– Пятро, ты вельмі смачна гатуеш традыцыйныя стравы. Як даўно  займаешся кулінарыяй? Адкуль такое захапленне?

– Прыгатаванне сабе ежы – гэта абсалютна нармальная для мяне з’ява з самага дзяцінства. Нас так прывучылі бацькі. А яшчэ ў мяне вельмі смачна гатаваў бацька. Вясковы мужчына, працаваў у калгасе, але для яго было нормай прыгатаваць сняданак ці вячэру. Мяне гэта ніколі не здзіўляла. І калі маці рабіла нейкія простыя стравы, бацька любіў заўжды прыгатаваць нешта выкшталцонае: грыбную поліўку, галушачкі нейкія да бульбы. Таму, мусіць, у нас у сям’і ўсе і выраслі такія. Гатуем усе, і не істотна – жаночая гэта ці мужчынская справа.

А яшчэ ў кожнага чалавека ёсць такі ідэальны час, калі ўсе былі шчаслівыя – дзяцінства. Таму для мяне традыцыйная ежа – ілюзія шчаслівага часу.

Ну, і таксама маё жыццё звязана з традыцыйнай культурай, з экспедыцыямі, музеем. Калі ў экспедыцыі пачую нешта цікавае, то хочацца на сабе гэта апрабаваць, здзівіць сяброў і блізкіх. Я “прывёз” з экспедыцыі з гомельска-бранскага памежжа рэцэпт баршча з мёдам. Мне спачатку падалося: “Ну, не, мёд у боршч – дзікавата”. Але, калі паспрабаваў, аказалася: страва мае своеасаблівы смак. Распавёў на сваёй старонцы ў сацсетцы пра рэцэпт, і напісала мая знаёмая з Брагінскага раёна. Аказваецца, яе вясковая бабуля таксама так рабіла. Атрымліваецца, боршч з мёдам – традыцыйная рэч, якая проста выйшла з ужытку.

ХХ ст. шмат чаго змяніла ў традыцыйнай культуры, але падчас экспедыцый можна знайсці агульнае ў розных куточках. Я ўвогуле лічу, што гастранамічны код – вялікая частка традыцыйнай культуры. Тое, што людзі елі, як гатавалі.

А яшчэ – з часам разумееш, што сучасны чалавек крыху спяшаецца жыць і пачынае харчавацца тым, што яму прапануе хуткае грамадства – макароны з сасіскамі. А гатаванне – адыход ад сучаснага забеганага свету, такі філасофскі працэс. Інгрыдыенты падбіраеш, прадукты, асабліва традыцыйныя. А калі сам вырошчваеш – гэта ўдвая прыемней. У мяне ў Ветцы ёсць невялічкі агародзік, я там вырошчваю некаторыя прадукты.

– Распавядзі, калі ласка, нейкую гісторыю з ежай, якая здарылася ў экспедыцыі.

– Калі ты трапляеш у вясковую культуру – кожная жанчына імкнецца цябе накарміць. Гэта могуць быць як проста яблыкі, дадзеныя з сабой, так і боршч з печы. Была ў нас такая баба Ганна, выключная ткачыха з вёскі Ялоўка, яе ўжо няма ў жывых. Сядзім неяк і яна кажа: “Ну, што, хлопцы, пап’ём чайку?”. Мы, вядома, пагаджаемся, а яна ў адказ: “Ну, пайду яек пасмажу”.

Ежа – гэта неад’емная частка экспедыцый. Ты заўжды едзеш з гасцінцамі, і цябе садзяць за стол. Першае правіла, якое ведае кожны фалькларыст, – не адмаўляцца. Адмовіцца сесці за стол – гэта вялікая крыўда. А гэта самы далікатны момант у экспедыцыі – каб не пакрыўдзіць чалавека.

– Ну, так. Я з маленькага горада на поўначы Беларусі, і ў мясцовай традыцыі, сапраўды, гэта вялікая крыўда адмовіцца ад пачастунка гаспадара.

– Так, былі ў вас з экспедыцыямі, на поўначы ж краіны таксама жывуць стараабрадцы. Канечне, класічная гісторыя пра старавераў – пра “паганую кружку” (кубачак, прызначаны для “чужых” людзей. – Заўв.  “Штодзень”). І ўвогуле для іх ужыванне ежы – асаблівы духоўны чын. Але насамрэч людзі табе вельмі радыя. Неяк прыехалі да бабулі-стараверкі, якая трымала шмат пчол, і яна нам вынесла аграменную талерку мёду, бохан хлебу. Мы, ведаючы вясковыя законы, селі ўплятаць мёд. Пасля запыталі ў бабулі, у чым сакрэт, каб пчолы вяліся. Чакалі паўміфічных расповедаў і замоваў, а яна сказала: “Галоўнае – гэта дзяліцца. Каб вы прыйшлі да мяне і пакаштавалі мой мёд, іначай пчолы не будуць вадзіцца”.

Гэты гастранамічны код раскрывае філасофію беларусаў у цэлым. І хоць і кажуць, што старверы – рускія, але ўжо 300 год яны жывуць на гэтых землях, і вельмі цікава назіраць такі сімбіёз – як мясцовыя культуры ўзаемапераплятаюцца. Нездарма наш музей мае назву Веткаўскі музей стараабрадніцтва і беларускіх традыцый.

Гэта як пытанне: “А хто такія веткаўскія стараверы?”. Беларусы лічаць –  гэта рускія, і таму на іх менш увагі звяртаюць. А ў Расеі іх лічаць прадстаўнікамі беларускай культуры, і там на іх крыху бокам глядзяць. Таму веткаўскія стараверы – асаблівая тэма. Грамадзяне, якія прыйшлі ў ВКЛ і Рэч Паспалітую са сваёй культурай і традыцыямі, якія перапляліся з мясцовымі.

– А ў чым адрозненні кухняў стараабрадцаў і беларусаў?

– Калі казаць пра абрадавую ежу –  ёсць пэўныя асаблівасці. Напрыклад, звычайная ежа для старавераў на памінках – лакшына. Яны самі яе рабілі. Калі пост – з грыбамі, калі звычайны дзень – з мясам. А на вяселлі замест каравая маладых надзялялі пернікамі. Іх пяклі ў вялікай колькасці, захаваліся спецыяльныя пернікавыя дошкі з узорамі: “паненка”, “паніч”, “конік”, “леў”.  Ну, і традыцыя “адкушаць чаю”. У старавераў гэты працэс суправаджаўся паяданнем вялікай колькасці выпечкі і варэння. Дарэчы, стараверы ўжывалі не чай з лістоў чайнага дрэва, а зёлкавую гарбату – запарвалі скрыпень, зверабой, ліпу, мяту.

– Пятро, дзякуй вялікі за такі цікавы расповед! А падзяліся, калі ласка, сваім рэцэптам прыгатавання смачнай ежы.

– Для мяне галоўнае, каб было для каго гатаваць, каб быў добры настрой. Атрымліваць асалоду ад працэсу, нават калі страва простая. І каб на палічцы заўжды былі прадукты, каб быў дабрабыт. І, канечне, вельмі важна есці ежу з добрымі блізкімі людзьмі.

РЭЦЭПТЫ

Чырвоны боршч з мёдам

Рэцэпт запісаны падчас нядаўняй экспедыцыі Веткаўскага музея да стараабрадцаў сяла Лужкі Старадубскага раёна.

У кіпень кладзем мяса (у час посту – грыбы), пасля бульбу, капусту, буракі, загадзя звараную фасолю і фасолевую юшку. Далей на патэльні смажым цыбулю, моркву і дадаем 2 лыжкі мёду.

Падчас спажывання баршча не забываем пра часнычок і пару скібачак сальца. Пах смажанага мёду вельмі цікавы і спецыфічны, ён і надае асаблівы “стараабрадніцкі” смак!

Хлеб з выкарыстаннем гарбуза

Рэцэпт з рэгіёну Веткі і Старадуб’я.

Для прыгатавання спатрэбяцца: гарбуз (тыква), мука (жытняя, пшанічная), закваска (дрожджы), малако (вада), соль, цукар, сланечнікавае масла. Варым гарбуз, таўчэм, засыпаем муку жытнюю (у гарачы таўчоны гарбуз). Асобна робім апару або заводзім дрожджы ў цеста. Праз 15 хвілін 2 масы злучаем, дадаем муку (жытнюю, пшанічную) і ставім у цёплае месца на 2-4 гадзіны (у залежнасці ад тыпу дражджэй). За гэты час некалькі раз цеста вымешваем. Пасля фарміруем хлябы і ставім у духоўку (печ). Выпякаем прыкладна 30-40 хвілін пры тэмпературы 200-230 градусаў.

Фота onliner.by и Гомель штодзень


Система Orphus

ПОИСК ПО САЙТУ

СКАЗАНО!

Игорь БРЫЛО, министр сельского хозяйства и продовольствия Республики Беларусь:

– Конечно, санкции – это плохо. Ненормально, что страны Запада применяют их к нашей стране. Всяческими путями хотят привести Республику Беларусь в такое состояние, которое осложнит жизнь. Но наша страна сегодня – самодостаточна в производстве продуктов питания. И, по большому счету, введенные санкции – как отразились? Что в этом году мы почти на 1,5 млн долларов больше экспортировали продовольствия?! Удалось не споткнуться на санкциях.

ЦИФРА

Более чем на 50%

вырос за январь – сентябрь 2022 года прирост экспорта продовольственных товаров из Беларуси в Китай. Об этом рассказала начальник главного управления внешнеэкономической деятельности Минсельхозпрода Ксения МЕЛЕШКО.

ГЛАС(З) НАРОДА

«Его зарыли в шар земной…»

«Победобесная» пропаганда и бардак в данных о гибели – реальность спустя почти 80 лет после окончания войны.

СИЗОХРЕНИЯ

Вверх по склону, ведущему вниз…

Вверх по склону, ведущему вниз…

Фото Владимира СИЗА.

ПОЧТА@AGROLIVE.BY

Логин:
Пароль:

(что это)