ШКОЛА ЖУРНАЛИСТА

Прычынімся да аўтарскай журналістыкі?


Добры веснавы дзянёк, паважаныя калегі! Вітаю ўсіх вас на чарговым занятку ў нашай “Школе журналіста” на AGROLIVE.by. Добра, што зазірнулі сюды, бо сёння прапаную разам наталіцца нечыма падобным да свежага подыху веснавога ветрыку. Да лёгкага душэўнага трымцення… Гэта – асалода ад сапраўднай журналісцкай творчасці. Ад таго самага індывідуальнага аўтарскага стылю, пра які нам столькі казалі на журфакаўскіх лекцыях і які, на жаль, сустракаецца ў адзінкавых (!) праяўленнях на старонках сучаснай беларускай прэсы.

Тут вы можаце мне запярэчыць: як жа, хіба наогул знікае індывідуальны стыль выказванняў па актуальных пытаннях сучаснага вірлівага жыцця?! Ёсць жа імклівая блогасфера, дзе хапае “валадароў дум”? І яшчэ шмат дзе жыве вольнае, крытычнае слова?

Так, згаджаюся, але – толькі часткова.

Блогі – так, гэта модна, сучасна. А блогеры сапраўды зараз маюць пэўны грамадскі ўплыў на свядомасць чытача. (Хтосьці нават спяшаецца казаць, што традыцыйная журналістыка хутка “патоне” у віры бурнай творчасці мас, якая знайшла прытулак на прасторах Сеціва…)

Я не спяшаюся поўнасцю згаджацца і з гэтай думкай. Прапаную лепш прычыніцца да аднаго з рэдкіх, але моцных, пераканаўчых прыкладаў АЎТАРСКАЙ ЖУРНАЛІСТЫКІ. У выкананні Алены Ляўковіч, чалавека і творцы, якога вельмі паважаю. І чыя адданасць прафесіі, шматгадовае служэнне ёй -- у газетах “Звязда”, “Народная газета” – могуць выклікаць, на мой погляд, толькі шчырае жаданне па-беламу зайздросціць.

Алена – слынная звяздоўка. І гэтым сказана многае. Яе цікавяць шматлікія праявы жыцця, журналістка ўмее глянуць на кожны факт рэчаіснасці са свайго непаўторнага абсягу. Усё гэта -- і ёсць прыкметы аўтарскага журналісцкага стылю, які нельга зблытаць з іншымі… Гэта – тое, чаго, па зразумелых прычынах, мала каму нават з апантаных блогераў удаецца дабіцца. Гэта – вынік не толькі шчырай аўтарскай пазіцыі, але і шматгадовай шліфоўкі стылю, моўнай палітры ў “баявых умовах”, што называецца, -- калі суровы рытм газетнага жыцця вымушае прадуцыраваць і хутка, і глыбока.

 Вельмі няшмат ведаю калег, якім гэта ўдавалася б! Алена Ляўковіч – з такіх слынных асоб на прасторы сучаснай беларускай журналістыкі.

 Зрэшты, у душы калега застаецца чалавекам сельскім (спадяюся, паважаная Алена, я не памылілася з гэтым вызначэннем?). З асаблівым пачуццём заўсёды чытаю ўсё, што піша Ляўковіч пра беларускую вёску. Чытайце і вы, паважаныя калегі! І звярніце ўвагу, як тонка, ашчадна-скупа на эмоцыі, але месцамі – з прыхаванай сумнай іронія разважае аўтар пра тое, што сёння адбываецца… Не, не з маёмасцю, не з соцыумам сяла, а – з душой вяскоўца! Ці многія пра гэта усур’ёз задумваюцца?

І, канешне ж, мова. Родная, беларуская… Алена Ляўковіч, дзякуй Богу, рэгулярна, самавіта дае магчымасць прычыніцца і да яе….

З павагай, заўсёды Ваша Іна ГАРМЕЛЬ

«Раскіданае гняздо. Пакаленне ХХІ

Чаму родная хата робіць блізкіх людзей чужымі?

Дыхнуў люты ў твар сапраўдным красавіком, затрымцела ў празрыстым ранішнім паветры прадчуванне вясны — і неадольным прыцягненнем адазвалася родная вёска, уначы прыхо­дзячы ў снах аб дзяцінстве, удзень прылятаючы здалёк ні з чым не параўнальным цёплым пахам нагрэтай прызбы і адталай бліскучай зямлі. Захацелася хутчэй туды, дзе неўзабаве будуць спускаць бярозавік, дзе з-пад апалага лісця прабіваюцца на балацянцы першыя ку­раслепы, дзе хутка ўжо закружаць-заклякочуць, а пасля ўладкуюцца-такі на нязграбным гняздзе, што пабудавалі на зламанай верхавіне ліпы, буслы. Гэтага нельга прапусціць ніза­вошта, бо калі гэтага не ўбачыш з вокнаў роднай хаты, хіба ж вясна будзе тады вясной, а жыццё — жыццём?..

 

Толькі вось буслоў сёлета не будзе. Вядома, яны прыляцяць, як і раней, і будуць кружляць над тым месцам, дзе было гняздо. А ні гнязда, ні ліпы ўжо няма. Спілавалі нашы новыя суседзі. Людзі лёз­ныя, яны купілі на дачу хату і ўчастак дзядзькі Анатоля ў яго брата за немалыя грошы — да Мін­скай кальцавой ад нас і сарака кіламетраў не будзе. Ганарыстыя, зусім чужыя, і сваімі, здаецца, у вёсцы станавіцца не хочуць ні на каліва. Прыехалі-паехалі, мы не ведаем нават, ні як іх завуць, ні чым яны займаюцца. Спілавалі дрэва з буслянкай — ледзь угаварылі пачакаць, пакуль птушаняты лётаць пачнуць, з надзвычайнай фанабэрыстасцю заявілі, што «ў гэтай халупе» жыць не будуць, купілі яе толькі з-за ўчастка. Мы ўсе з цікавасцю чакаем цяпер адкрыцця дачнага сезона, каб пагля­дзець, што ж за палац яны пабудуюць, калі даволі вялікая хата для іх як хлеўчык. Новы гаспадар так і заявіў: тут толькі скаціну трымаць…

Дачны се­зон у вёс­цы — падкрэслю: не ў дачным пасёлку, а менавіта ў вёсцы, якая ператварылася ў дачны пасёлак зусім нядаўна (дзеці выраслі, паз’язджалі ў горад, там і атабарыліся; бацькі паўмі­ралі ці састарэлі і зімой едуць да дзяцей у той жа горад) — карціна ўвогуле цікавая і дзесьці нават павучальная. Можна нават сказаць — тэатр нораваў. Драўляная нерухомасць з участкам зямлі за сорак кіламетраў ад сталіцы, страчваючы сваіх старых гаспадароў, становіцца «лакмусавай папер­кай» для гаспадароў новых, якія атрымалі гэтую нерухомасць у спадчыну. Тыя прыезджыя чужакі — што з іх возьмеш, чужакі і ёсць. Але гэта хутчэй выключэнне. Як правіла, гаспадароў некалькі, як правіла, гэта родныя браты і сёстры. Бацькоўская хата раптам зусім нечакана для мно­гіх ладзіць ім самы сур’ёзны ў жыцці экзамен. І адказы на яго няпісаныя пытанні кожны знаходзіць сам — як пад­кажа сумленне…

Дзве сястры не размаўляюць ужо каторы год з-за невялікай хаткі. Ім дваім, калі гадаваліся, разам з бацькамі і старой бабуляй чамусьці ніколі не было ў ёй цесна. Цяпер жа яны не могуць жыць пад адным дахам нават некалькі тыдняў улетку, адна не пускае другую нават на парог, дзеляць зямлю на немалым участку, выкопваюць адна ў адной кусты і саджанцы, капаюць мяжу, больш падобную на акоп… Брат і сястра падзялілі вялікую хату, што засталася ад маці, папалам, але не дагаварылі­ся, каму будзе паўночная палова, таму дзялілі хату ўдоўж — акурат па акну ў зале: палова акна ад­наму, палова — другому. Сястра аказалася багацейшай, абабіла сваю палову белым сайдынгам і выставіла яе па продаж. Ахвотныя знайшліся хутка. Так і стаіць цяпер на ўездзе ў вёску амаль фантастычная пачвара — палова ашаляваная і пафарбаваная ў жоўтае, палова — мёртва-белая. Абедзве падслепавата пазіраюць на вуліцу ў паўтара акна… Браты дзялілі бацькаў сад і, калі спра­ва дайшла да спрэчнай антонаўкі — дрэў аказалася няцотная колькасць, на два ніяк не дзялілася — проста ссеклі яе, а пасля ледзь не пабіліся за яблыкі з той яблыні: справа была ўвосень, год быў на антонаўкі ўраджайны. Стрыечнікі, што кожнае лета гадаваліся ў бабулі, хадзілі ўсюды разам, як спрэжаныя, гатовыя былі апошні кавалак адно другому аддаць. Атрымаўшы ад той жа бабкі ў спад­чыну хату, у якую на ка­нікулы прыязджалі, мірна і спакойна падзялілі паміж сем’ямі дом і ўчастак. І ўсё б нічога, калі б не надзвычай засушлівае лета. А бабулін калодзеж мелкі, зусім не на два агаро­ды з парнікамі разлічаны. Карацей, адзін брат студню ад другога замкнуў. А той, нядоўга думаючы, збіў замок і бухнуў у ваду вядро саляркі. Праўда, хутка памірыліся: з рэчкі на каламажцы ваду ў бі­тоне ўдваіх было лацвей цягаць…

А ў хаты нашай суседкі таксама раптам спадчыннік аб’явіўся. Мы ведалі, што ў дзевяностагадовай бабулі недзе ёсць пляменнік. Але думалі чамусьці, што ён або з’ехаў куды, або згінуў — да бабкі ні­хто не прыязджаў, суседкі яе падкормлівалі і даглядалі, мая мама дагэтуль без слёз не можа ўспа­мінаць, як кожную раніцу бабка стаяла ля нашай брамкі і прасілася: «Адпраў ты мяне куды-не­будзь!». Бабка мела на ўвазе дом для састарэлых, куды нам нарэшце і ўдалося яе ўладкаваць і дзе яна праз два гады памер­ла. У тым доме бабку ніхто, акрамя «дэлегацыі» з вёскі, не наведваў, хавалі яе таксама вясковай грамадой, таму дума­лі, што яе неабшаляваная хата з земляной падло­гай у сенцах не засталася нікому, у ёй нават сельсавет хацеў нешта кшталту сацыяльнага дома зрабіць. А во — амаль праз тры гады знайшоўся пляменнік з сынам. Здалёк прыехаў — аж з само­га Заслаўя! Цэлых пяцьдзясят кіламетраў будзе. Хату сталі рыхтаваць да продажу — пафарбавалі вокны і нават перакрылі шыферам дагэтуль гонтавую страху. Старыя, амаль стагадовыя сцены пад гэткім светлым дахам зусім змізарнелі, хата бы прысела на кукішкі (ні пра падмурак, ні пра што іншае гаспадары не паклапаціліся). Цяпер у чаканні дачнага сезона сядзім з мамай у горадзе і га­даем: стаіць там Гарошчышына хата ці ўжо пад новай страхой лягла…

А заўтра ўжо вясна. Яшчэ трохі — і пачнецца дачны сезон. Родная хата сустрэне пасля зімы на­стылымі сценамі, але сагрэецца сама і сагрэе нашы адубелыя за паўгода, што тут не былі, душы і пачуцці. А на выхадныя будзе самае неабходнае ў жыцці — бягом па сонным горадзе на першы аў­тобус, Ракаў, які толькі прачынаецца, гравійка да Волмы, на якой трасе так, што, зда­ецца, застанешся без зубоў. І паўгадзіны пехам насустрач сонцу, паўз возера, паўз лес… І здорава кла­дзецца на рытм хут­кай хады класічнае: «Трэба дома бываць часцей, трэба дома бываць не гос­цем…»

А вось «каб душою не ачарсцвець і не страціць святое штосьці» — гэта, відаць, яшчэ трэба вельмі пастарацца.

Алена ЛЯЎКОВІЧ.»

 

Фото AGROLIVE.by


Система Orphus


КОММЕНТАРИИ К МАТЕРИАЛУ

    ПОИСК ПО САЙТУ

    СКАЗАНО!

    Алексей ГОРДЕЕВ, вице-премьер Российской Федерации:

    – У нас возникает перепроизводство зерна, это уже очевидно. 2017-й достаточно явно это показал, ведь впервые в истории страны, в рамках сельскохозяйственного года, на экспорт было отправлено более 50 миллионов тонн зерна. При этом мы видим, сколько не используется продуктивной пашни в стране. И когда начинаем обсуждать тему штрафов и отъема земли у нерадивых сельхозпроизводителей, то, конечно, корень зла здесь экономический: ты производишь продукцию, а она никому не нужна, отсюда пустеет земля…

    ЦИФРА

    В 58 стран мира

    за 5 месяцев 2018 года поставили продукцию предприятия Минсельхозпрода РБ. Это на три страны больше, чем в аналогичном периоде прошлого года, сообщило БЕЛТА со ссылкой на начальника главного управления внешнеэкономической деятельности Министерства сельского хозяйства и продовольствия Алексея БОГДАНОВА.

    ГЛАС(З) НАРОДА

    Почти спортивная экзотика, или О создании в полесской глубинке бейсбольного клуба

    «Однажды известного бейсболиста Дерека Джитера спросили, каково это – играть в лучшей команде мира. Он ответил: «Не знаю. Я никогда не играл за «Логишинских волков», – шутят бейсболисты из городского поселка Логишин, что под Пинском.

    СИЗОХРЕНИЯ

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Фото Владимира СИЗА.

    ПОЧТА@AGROLIVE.BY

    Логин:
    Пароль:

    (что это)