ШКОЛА ЖУРНАЛИСТА

Аляксандр КЛАСКОЎСКІ: “Казус Галунова і беларускія рэаліі”


Фантастычнае вызваленне расійскага журналіста-даследніка, якога спрабавалі заканапаціць па наркатычным артыкуле, і для Расіі ўнікальны выпадак. Вунь знакамітага рэжысёра Кірыла СЯРЭБРАНІКАВА там працягваюць марынаваць, хоць і за яго шмат хто ўпісваўся.

Увогуле ў сюжэце з Іванам ГАЛУНОВЫМ спрацаваў збег чыннікаў. Уключна з тым, што ягонае затрыманне стала інфармацыйнай бомбай, якая заглушыла рэзананс геніяльнай прамовы Уладзіміра ПУЦІНА на Пецярбургскім эканамічным форуме.

Між тым хапуном на маршы ў падтрымку Галунова 12 чэрвеня ў Маскве расійская ўлада паказала, што застаецца ранейшай. Проста абставіны змушаюць лавіраваць.

Гэтак жа абставіны апошнім часам змушаюць і беларускую ўладу дэманстраваць нязвыклую гнуткасць. З гэтай нагоды незалежнаму грамадству, уключна з медыямі, не варта ўлягаць у ілюзіі, але гэты чыннік трэба мець на ўвазе і выкарыстоўваць.

Нашы безгалосыя Земфіры…

Разам з тым, я б не сказаў, што цэх беларускай незалежнай журналістыкі такі ўжо раз’яднаны, не здатны да салідарнасці. Яна адчувалася ў “справе БелТА”, хай сабе і не ў такіх маштабах, у болей камерных формах, чым у выпадку з Галуновым.

Але, па-першае, у справе БелТА была зачэпка, якая рабіла сітуацыю болей неадназначнай, – так званы несанкцыянаваны доступ да інфармацыі.

Па-другое, калі казаць пра маштаб ды моц рэакцыі, дык тут пытанне, хутчэй, да стану грамадства ўвогуле. За Галунова ж заступіліся не толькі калегі, але і людзі, што не маюць ніякага дачынення да журналістыкі. Як простыя, так і зоркі самага рознага кшталту: Барыс ГРАБЕНШЧЫКОЎ, Канстанцін ХАБЕНСКІ, Oxxxymiron, ЗЕМФІРА… А таксама – прадстаўнікі кіроўнай эліты, дзяржаўных ды прадзяржаўных СМІ.

І вось тут мы сапраўды бачым кантраст з беларускімі рэаліямі. У Беларусі наменклатура выглядае практычна маналітна. Хаця болей правільна сказаць, што любы яе дзеяч проста баіцца рыпнуцца, аказацца белай варонай. Тутэйшыя эстрадныя зоркі сервільныя, у грамадзянскім сэнсе безгалосыя. Хіба што могуць пахваліць ежу ў турме, трапіўшы туды на экскурсію.

Ну, а дзяржаўныя медыі ў нас дык яшчэ і з асалодай патапталіся па фігурантах “справы БелТА”: круцілі кадры ператрусаў (прычым паказвалі буйным планам нумары банкаўскіх картак), вешалі ярлыкі, публікавалі пасквілі. У выніку гэтая гісторыя паглыбіла прорву між двума карпарацыямі – супрацоўнікамі дзяржаўных і недзяржаўных СМІ.

Воўк у лесе здох?

Зрэшты, і ў Беларусі нешта зрушваецца. Рэакцыя на знос крыжоў у Курапатах паказала, што і ва ўладных ды праўладных колах хто-кольвек асмельваецца на сваё меркаванне, адрознае ад генеральнай лініі. Гэта азначае, што і тутэйшая сістэма ўлады не такі ўжо непарушны маналіт.

Уважліваму журналісту варта адсочваць працэсы ў кіроўнай эліце. Бо менавіта там рана ці позна пачнуцца працэсы, якія ў выніку (іншая рэч, што мо ўжо пры новым афіцыйным лідары) прывядуць да значных змен у Беларусі.

Параўнанне расійскага і беларускага рэжымаў цікавае яшчэ вось у якім аспекце. Анексіяй Крыму, іншымі авантурамі за мяжой Масква справакавала доўгую канфрантацыю з дэмакратычным светам, нарвалася на санкцыі і цяпер мусіць “трымаць марку”. Крэмль кідае пальчатку Захаду, троліць яго. Беларуская ж улада менавіта на гэтым тле здолела наладзіць нармалізацыю адносін з Еўропай, ЗША і цяпер відавочна не хоча гэты трэнд псаваць.

І таму ва ўмовах Беларусі, дзе выходзіць з пратэстам на вуліцы рызыкоўна, грамадскі ціск іншым разам працуе іначай, чым у Расіі. Хай сабе не так эфектна, як у сюжэце з Галуновым, але тым не меней… Рэзананс у медыях, сацыяльных сетках, апеляцыя да міжнародных інстытуцый канвертуюцца ў закулісны ціск Захаду на беларускі рэжым. І той у пэўнай ступені прыслухоўваецца.

Немагчыма ўявіць сабе, каб Пуцін даў падначаленым адмашку адступіць, аслабіць хватку пасля размоў з нейкім заходнім палітыкам ці амбасадарам. У Беларусі ж падобны механізм, наколькі я ведаю, у асобных выпадках спрацоўвае.

Мяркую, менавіта грамадскі рэзананс паспрыяў таму, што “справа БелТА” скончылася адносна мяккім прысудам Марыне Золатавай, а яшчэ 14 фігурантаў увогуле былі вызвалены ад крымінальнай адказнасці.

А яшчэ ў красавіку быў “цуд”, калі “Белсату” пасля ператрусу нечакана хутка і з выбачэннямі вярнулі тэхніку. Як той кажа, воўк у лесе здох.

У журналістаў таксама ёсць зброя

Насамрэч ніякі воўк не здох. Нязвыклыя сімптомы ў паводзінах вярхоў у значнай ступені тлумачацца тым, што набліжаюцца выбары.

Беларускае кіраўніцтва болей не рызыкуе друкаваць пустыя грошы пад электаральныя кампаніі. Рэсурсаў жа, каб па-сапраўднаму ўзняць дабрабыт, няма (тым болей што Расія прыціснула).

Таму ўлада ў шэрагу канфліктных сітуацый стала паводзіць сябе нязвыкла: даваць задні ход, нават выбачацца. Я маю на ўвазе сенсацыйную паездку кіраўніцы прэзідэнцкай адміністрацыі Наталлі КАЧАНАВАЙ да магілёўскіх цыганоў, якіх перад тым трэслі бы грушу сілавікі. З гэтай жа оперы – рашэнне прыпыніць будаўніцтва акумулятарнага завода пад Берасцем. Аляксандр ЛУКАШЭНКА даў чыноўнікам наказ болей уважліва ставіцца да людзей: маўляў, не варта перці бульдозерам.

Відавочна, наверсе вырашана: калі ўжо не атрымліваецца ўзняць жыццёвы ўзровень, то трэба пастарацца хаця б не злаваць народ без дай нагоды.

Але было б наіўна думаць, што ўлада перакавалася. На любы палітычны пратэст яна пэўна ж будзе рэагаваць хваравіта. Яшчэ болей у перадвыбарны час яе рэпрэсіўныя інстынкты абвастраюцца. Таму і брутальныя дзеянні ў дачыненні да прадстаўнікоў недзяржаўнай прэсы, рэдакцый зусім не выключаны.

Між тым казус Галунова паказвае, што нават ва ўмовах аўтарытарызму, які не любіць выглядаць слабым, кумулятыўны зарад грамадскага пратэсту можа ў нейкай сітуацыі спрацаваць.

А цяпер такая сітуацыя, што і расійскі, і беларускі рэжымы пачуваюцца не надта ўпэўнена. У журналістаў жа няма іншай зброі, акрамя галоснасці ды салідарнасці. І гэту зброю варта адточваць і трымаць напагатове.

Аўтар і крыніца фота: Макс АЗДЗЕЕЎ для Meduza


Система Orphus


КОММЕНТАРИИ К МАТЕРИАЛУ

    ПОИСК ПО САЙТУ

    СКАЗАНО!

    Александр ТУРЧИН, первый заместитель премьер-министра Республики Беларусь:

    – Мы готовим определенные предложения, чтобы выйти с ними на главу государства. Речь идет о разных вариантах такого эффективного механизма как венчурное финансирование. Ведь у нас в стране, к примеру, – высокоразвитая пищевая промышленность, где есть и государственные, и частные компании. Они могли бы часть своей прибыли перечислять в венчурные фонды – чтобы потом пользоваться теми открытиями, которые будут сделаны с помощью аккумулированных таким образом средств.

    ЦИФРА

    57% всей вырабатываемой в РБ молочной и 32% мясной продукции

    реализуется на зарубежные рынки. Эти цифры привел в ходе пресс-конференции в Общественном пресс-центре начальник управления мясной и молочной промышленности Минсельхозпрода РБ Павел ЯНОВ.

    ГЛАС(З) НАРОДА

    Загадки Зеленого дома

    Зеленый дом – так называют местные бывшую усадьбу в Быковщине Полоцкого района. Это и правда теперь – просто дом: на 13 квартир, с центральным отоплением и водой. А внутри уже все давно переделано. Об этом рассказывают нынешние жильцы…

    СИЗОХРЕНИЯ

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Фото Владимира СИЗА.

    ПОЧТА@AGROLIVE.BY

    Логин:
    Пароль:

    (что это)