
СКАЗАНО!
Ніна Мацвееўна БУРКО, жыхарка вёскі Капланцы Бярэзінскага раёна:
--Я ніяк не супраць новых павеваў у нашым жыцці. Возьмем тую ж аптымізацыю. Яна, магчыма, патрэбна. Але няўжо так неабходна ў галіне сельскіх бібліятэк? Я не зусім разумею пазіцыю міністэрстваў, якія сваімі патрабаваннямі аб аптымізацыі бібліятэк на вёсцы практычна паставілі пад пагрозу знішчэння духоўную і інтэлектуальную крыніцу вясковага люду.
Скажам, у нашым Бярэзінскім раёне з дваццаць адной сельскай бібліятэкі засталося толькі дзевяць. У вялікай вёсцы Капланцы, у якой 270 жыхароў, зачынілі бібліятэку яшчэ два гады таму, выселіўшы яе з будынка сельсавета і стварыўшы на яе месцы пакой для ўчастковага інспектара РАУС. Тлумачэнне, што кніг цяпер не чытаюць, што ўсё замяніў Інтэрнэт, доказ неабгрунтаваны. Людзі сталага ўзросту, пенсіянеры, інваліды, а такіх на вёсцы зараз большасць, любяць і хочуць чытаць. Проста ў нас прывыклі рабіць усё па шаблоне, без уліку жаданняў людзей і без іх згоды…
(Цытата па матэрыяле “Каб не збяднець розумам і душой”, апублікаваным у нумары “Народнай волі” за 15 мая 2015 года)