ГЛАС(З) НАРОДА

Жыхары прыфрантавых вёсак: «Не дай Бог рускія вернуцца!»

Харкаўская вобласць была вызвалена яшчэ восенню 2022 года, але застаецца прыфрантавой тэрыторыяй, церпіць ад абстрэлаў. Купянскі раён – самы ўсходні на Харкаўшчыне, ён мяжуе непасрэдна з РФ і акупаванай Луганскай вобласцю Украіны. Як жывуць вызваленыя мястэчкі і вёскі ля лініі фронту – дазнаўся «Новы Час».

Прадстаўнікі большасці міжнародных гуманітарных арганізацый сюды не едуць, давозячы сваю дапамогу да Харкава, а далей бяруцца за справу мясцовыя валанцёры. З імі мы і праехаліся па раёне.

«Дзімы больш няма — хату накрыла разам з ім»

Вёска Падолы месціцца пад самым Купянскам, да вайны тут жыло амаль 2400 чалавек, было некалькі шматпавярховікаў. Цяпер жа, як і ва ўсім раёне, – праблемы з электрычнасцю, ацяпленнем, вялікая колькасць пашкоджаных будынкаў. Хоць вызвалілі вёску яшчэ 7 кастрычніка мінулага года, усё яшчэ вядуцца аднаўляльныя працы: на склад з Харкава прывозяць будматэрыялы, каб ратавальнікі і валанцёры маглі закласці фанерай выбітыя вокны, а недзе і часткі дахаў. У шматпавярховых будынках трэба забіваць вокны ва ўсіх кватэрах, нават і пустых, каб не выходзіла цяпло.

Разгружаць чарговую партыю матэрыялаў дапамагае і Аляксандр, ён усе свае шэсцьдзясят чатыры гады пражыў у родных Падолах. Кажа, што падчас акупацыі расійскія салдаты хадзілі па хатах, шукаючы супрацоўнікаў паліцыі і былых вайскоўцаў.

– Страшна было, сядзелі без газу і святла зусім, цяпер хоць часткова ёсць. Украіну чакалі. Свае ёсць свае, родны народ, свой, гэта – не захопнікі. Але ж для мяне найстрашнейшае было па вызваленні. Мы ўсе радаваліся адразу. А пасля пачалі звязвацца са светам, бо ўвесь час без сувязі былі. У той жа дзень дазнаўся, што ў Харкаве загінуў мой сябар дзяцінства. Падчас ракетнай атакі, яшчэ на пачатку лета.

Некалькі дзён не мог дазваніцца да прыяцеля з Камышанаў, гэта вёска прама пад Херсонам. А праз пару дзён звязаўся з яго жонкай, яна цяпер у Івана-Франкоўску, а Дзімы больш няма – хату накрыла разам з ім. Вось так і жыву цяпер з гэтым, а ўсё тое вакол: вада, святло – гэта ж дробязі, нават ужо і не звяртаеш увагі.

Для большасці мясцовых цягам мінулай зімы паратункам з’яўляліся пункты абагрэву. Цяпер у іх не так людна: на вуліцы цяплей ды часткова аднаўляюцца камунікацыі. Але такія пункты таксама з’яўляюцца цэнтрамі па выдачы гуманітарнай дапамогі. Валанцёры з усёй Украіны прывозяць сюды ежу, медыкаменты, рэчы і ўсё неабходнае, а далей яно размяркоўваецца па патрэбах. Цяпер ежа ёсць і ў крамах, але для многіх праблема купіць нават хлеб: працы зараз няма, а запасы большасць сем’яў вытраціла яшчэ за акупацыяй.

Раіса выехала ў больш бяспечны Харкаў, але пражыла там толькі тры месяцы – скончыліся сродкі – і вярнулася:

– Сядзець там за 2 тысячы (прыкладна 50 долараў — заўв. рэд.) немагчыма, – дзеліцца жанчына. – Тут хаця б за кватэру плаціць не трэба. Хаця, калі я вярнулася, то было вельмі цяжка: такая тэмпература ў кватэры была, што замярзалі вёдры з вадою. Ставіла жалезнае вядро на кафлю ў кухні і разводзіла ў ім агонь. Вокны ж трэба было адкрываць, бо дым. Таму цяпло было, толькі як агонь пагасіш, зачыніш вокны, а там вугельчыкі застаюцца. Так можна было і ноч пераспаць. Цяпер часам з’яўляецца электрычнасць, дык прасцей стала. Але я іду вуліцамі, гляджу вакол і проста не веру, што некалі сюды вернецца нармальнае жыццё. Цяжка, вельмі цяжка. Міру хочам. Такое ў нас (выбухі – заўв.рэд.) кожныя 5 хвілін. Прыснеш крыху і прачынаешся.

«Галоўная праблема бесперапынныя абстрэлы» 

Найбольшая ў абшчыне вёска – Курылаўка (да вайны налічвала больш за 3600 чалавек), тут месціцца сельская ваенная адміністрацыя. Кіраўнік – Анатолій Іванавіч ГРЫГАРЭНКА – часу мае вобмаль: колькасць працы каласальная: ад аднаўлення жылля і ацяплення да ўліку школьнікаў і дашкольнікаў. Станам на пачатак сакавіка адукацыйны працэс тут не быў адноўлены.

– На тэрыторыі абшчыны ў нас налічваецца 379 дзяцей, – тлумачыць Анатолій Іванавіч, – але, на жаль, гэта старыя звесткі, цяпер мы іх аднаўляем. Падчас акупацыі ў адміністрацыйных будынках панавалі расійскія салдаты, большасць дакументаў знікла, камп’ютары – таксама. Для аднаўлення навучальнага працэсу нам неабходна скончыць улік не толькі школьнікаў, але і настаўнікаў, бо многія эвакуіраваліся. Нехта за мяжой усё яшчэ. Таксама вялікая праблема – сувязь: тут рэдка ловіць мабільны сігнал, не тое што інтэрнэт, таму дыстанцыйнае навучанне наладзіць таксама пакуль немагчыма.

На дадзены момант наша галоўная праблема – бесперапынныя абстрэлы. Яны не спыняліся ад самага пачатку. Гэта асноўная прычына, чаму людзі не хочуць вяртацца. А калі няма людзей, то, вядома, працэс аднаўлення значна запавольваецца. Па нашых прыблізных падліках, зараз на тэрыторыі абшчыны застаецца каля 60 адсоткаў даваеннага насельніцтва.

Вольга прыйшла ў адміністрацыю спраўдзіць стан заяўкі на кампенсацыю пашкоджанай маёмасці. Жанчына распавядае: ракета прыляцела проста ў двор, знішчыла частку сцяны.

– Мы ўвесь час заставаліся тут, калі зусім страшна было і гудзела ўсё вакол, спускаліся з дачкой у падвал. У кастрычніку – лістападзе амаль і не вылазілі адтуль. Але што рабіць? Нам няма куды ехаць, да таго ж у сваёй хаце як-ніяк. Дачцэ 17 гадоў, 11 клас, павінна была б паступаць сёлета. Яна хацела быць медыкам, марыла вучыцца ў Харкаве. Але ўжо год як без школы. Мы ў снежні перападалі дакументы на дыстанцыйнае навучанне ў школу Балаклейскага раёна, яна аднавіла працу. Але аніводнага занятку дачка не наведала: інтэрнэту няма. Часам удаецца злавіць слабы сігнал, то загружаюцца заданні, мы разам нешта робім, але ж гэта не вучоба, самі разумееце.

«Вораг больш сюды не вернецца»

У вёсцы Глушкаўцы, што за 18 кіламетраў ад Купянска, да ўварвання жыло амаль 900 чалавек. Цяпер жа менш за палову засталося. У аколіцах трываюць выбухі, шмат будынкаў пашкоджана, а людзі на вуліцах дзеляцца галоўным хваляваннем, што «не дай бог рускія вярнуцца, яны ж не так далёка адсюль…»

Вольга Раманаўна ВУСАВА да вайны працавала галоўным бухгалтарам у сельскай радзе. Цяпер, пакуль старшыні няма, узялася за арганізацыю дапамогі людзям: сустракае валанцёраў, складае спісы сем’яў, дзе патрэбна падтрымка, дбае пра пункт абагрэву – пакойчык з электрапеччу ў будынку сельскай рады, куды ў маразы прыходзіла шмат мясцовых: электрычнасць у вёсцы ёсць рэдка, а запасы дроў у многіх скончыліся. У час акупацыі Вольга сама пякла хлеб, разносіла сталым людзям, бо прадукты былі ў дэфіцыце. Прыгадваючы тыя часы, жанчына плача:

– Адзін хлопчык быў такі актыўны, як кажуць, за Украіну, наш, і яго бралі «на яму». Там моцна збілі, некалькі дзён ніхто не ведаў, ці жывы ён. Але пашанцавала, акупанты яго адпусцілі. Ён увесь у сіняках быў, пальцы паламаныя на руцэ – а доктара ж няма. Але выхадзілі людзі, дапамаглі, галоўнае, што жывы застаўся. А ўзялі яго за тое, што суседзям вокны пабіў – яны былі калабаранты. А ён, ведаеце, такі чалавек, што не мог проста гэтага трываць, дык вось і вырашыў хоць неяк дзейнічаць.

Мне самой заўсёды агідна было, як яны, рускія, ехалі. Агідна ад таго, што некаторыя нашы людзі не разумеюць… Сустракалі акупантаў, супрацоўнічалі. Вось так жывеш ва Украіне, а побач ворагі, літаральна ў суседнім будынку, а мы і не задумваліся аб гэтым. Яны выехалі ўсе, цяпер няма нікога з такіх і, думаю, яны і не вернуцца. Гэта людзі, якія так і не змаглі развітацца з Савецкім Саюзам. Але радуе, што моладзь у нас разумнейшая і больш адэкватная.

Сама Вольга Раманаўна сутыкнулася з акупантамі ўсяго некалькі разоў: правяралі дакументы. Але, прызнаецца жанчына, увесь той перыяд жылі ў панічным страху: сям’я са Львоўшчыны, муж Вольгі – святар Украінскай аўтакефальнай царквы, яго накіравалі ў мясцовую царкву 21 год таму.

– Так і засталіся, абжыліся тут, – распавядае Вольга. – Я зусім не шкадую, нават цяпер. Людзі паўсюль ёсць і добрыя, і кепскія. Я большую частку жыцця пражыла на захадзе Украіны, ужо два дзясяткі гадоў тут, на ўсходзе, і магу дакладна сказаць, што няма нейкай карэннай розніцы між украінцамі, а здраднікі – яны сябе паказалі. Пераймалася толькі, каб не данеслі на мяне, што я «западэнка», бо вядома ж, як гэтыя дзікуны адрэагавалі б. Да таго ж я ў радзе працавала.

У першыя ж дні вайны, калі кіраўніцтва выехала, а я прыняла рашэнне, што застануся, пайшла ў раду і перакінула сабе на флэшку дакументы і асноўныя звесткі з камп’ютара. А ў мяне яшчэ тая флэшка была жоўта-блакітнага колеру, дык калі нас акупавалі, я яе так схавала ў хаце, што па сённяшні дзень знайсці не магу – вось так баялася. А цяпер дыхаць прасцей, хоць і абстрэлы не спыняюцца вакол, але няма таго пастаяннага страху і небяспекі. Я цвёрда веру і ведаю, што вораг больш сюды не вернецца…

Фота аўтара


Система Orphus

ПОИСК ПО САЙТУ

СКАЗАНО!

Владимир ГРАКУН, заместитель министра сельского хозяйства и продовольствия Республики Беларусь:

– Картофель в Беларуси будет возделываться, культура продолжит оставаться актуальной. Хотя посадочные площади и снижаются в последнее время, валовка остается примерно на одном и том же уровне. Это свидетельствует о том, что работаем более качественно: с каждого га удается собирать больше клубней. Вот и в текущем сезоне, надеемся, в общественном секторе будет получено 1 млн 200 тыс. т – больше, чем в предыдущем…

ЦИФРА

Около 1000 сортов винограда

культивируется сейчас в Беларуси. Выбор достаточно обширен, но важно определиться с тем, что подойдет именно вам. Об этом рассказал во время практического семинара, прошедшего в начале апреля на базе РУП «Институт плодоводства», научный сотрудник Владимир УСТИНОВ (на снимке с участниками семинара).

ГЛАС(З) НАРОДА

«Болезнь X»: потенциально угрожает индустрии путешествий?

Любые прогнозы – дело неблагодарное? Или благодарное, когда они все-таки сбываются? А много ли прогнозов сбывается вообще? Опытные, умудренные жизнью люди говорят: всегда ставьте на черное и, скорее всего, не прогадаете. Впрочем, для глобальных событий это правило, похоже, не действует.

СИЗОХРЕНИЯ

Вверх по склону, ведущему вниз…

Вверх по склону, ведущему вниз…

Фото Владимира СИЗА.

ПОЧТА@AGROLIVE.BY

Логин:
Пароль:

(что это)