В ОБЪЕКТИВЕ

Беларуская вёсачка i яе лёс: так iх убачыў фототамастак i журналiст Уладзiмiр Сiз

Сёлета ў траўнi, на Ночы музеяў, у Мядзелi прэзентавалi не зусiм звычайную фотавыставу. Прысвечана яна адной, невялiкай i не надта вядомай вёсцы Пярэградзь, яе наваколлю, жыхарам . Аўтар здымкаў — Уладзімір СIЗ. Ён больш за 45 год адпрацаваў фотажурналістам у розных выданнях Беларусі: «Рэспубліцы», «Советской Белоруссии», «Белорусскай ниве», супрацоўнічаў з «Известиями».

А для мяне гэты чалавек – найперш, добры сябра, выдатны журналiст-профi. Адзiн з тых, каго смела можна лiчыць сапраўдным фотакорам. На жаль, людзей гэтай журналiсцкай спецыяльнасцi цяпер бракуе, бо не кожны, хто бярэ ў руки фотакамеру, – аўтаматычна становiцца Майстрам-газетчыкам, Майстрам-фотажурналiстам.

Памятаю, як працоўныя шляхи звялi мяне i Сцяпанавiча, цi, як яго часцей заву, проста Валодзю ў рэдакцыi тады яшчэ «Белорусской нивы», цяпер «Сельскай газеты». Мне падавалася, што так любiць вёску, як любiла i люблю яе дагэтуль я сама, – немагчыма! Але ў асобе Сiза знайшла, кажучы наўпрост, шалёнага аднадумцу. Колькi разам пераездзiлi, дзе толькi нi былi! Шчыра скажу, многих маiх матэрыялаў магло б i не напiсацца, каб не сяброўская, камандная праца. Дагэтуль лiчу, што найлепшага фотакора-напарнiка не мела…

Але ж вы папытаецеся, пры чым тут менавiта мядзельская вёсачка Пярэградзь? Чаму яна стала галоўнай гераiняй фотавыставы, якую Сiз даўно напрацаваў? Уладзімір Сцяпанавіч — сталічны жыхар, але ў 1992 годзе набыў у Пярэградзі вясковы дом. І цяпер сам прызнаецца: «Немагчыма адразу адказаць, дзе зараз жыву: ці ў Мінску, ці ў Пярэградзі. Калі стаў пенсіянерам – то адназначна, што ў Пярэградзі».

З гумарам любiць сам Валодзя расказаць пра тое, якія прыгоды прывялі яго першы раз у Пярэградзь i чым усё гэта абярнулася, у рэшце рэшт…

Калі пачынаю расказваць, як пасяліўся ў Пярэградзі, то ніхто не верыць, – распавядае аўтар выставы. – Са сваім знаёмымі 25 снежня вырашылі паехаць на Браслаўшчыну паглядзець іх дачу. Кажуць: «Можа, і табе  што спадабаецца, купіш». Каля Краснага ў «Жыгулях» спусціла кола — замянілі запаскаю. Праехалі бальніцу ў Мядзелi, едзем і едзем: цемра, лес і зноў кола спусціла, а запаскі ўжо няма. Мы з сынам падняліся на горку ля дарогі, гляджу — аганёк, мусіць вёсачка нейкая. Пайшоў, сустрэў хлопца у хаці на краi вёскі. Прыцягнулі кола да хаты, а мароз добра бярэцца, разабралі, заклеілі, сын панёс. Праз дзесяць хвілін зноў ідзе з колам: яшчэ адно спусціла. І так чатыры колы — не з'язджаючы з аднаго месца. Пад'ехалі да новага знаёмага, папілі чаю. Ужо вечар, куды на Браслаўшчыну ехаць... Хлопец распытаў, з якой мэтай едзем, і кажа: «Нашто вам ехаць, у нас прадаецца дом». Паехалі, пасвяцілі фарамі на хату, падумалі: «А што: тут і вёсачка маленькая, і возера побач, і Мядзел недалёкf». Праз дзень днём прыехалі, знайшлі сваякоў, дом уважліва паглядзелі. І ўрэшце набылі.

Ён, заўсёды неразлучны са сваім добрым сябрам і памочнікам – фотаапаратам, а зараз і з кампутарам, за дваццаць пяць гадоў зрабіў мноства здымкаў навакольнай прыроды Пярэградзі ў розныя поры года, здымаў жыхароў, гасцей…

А пачалося ўсе болей чым пяцьдзесят год таму, калі я атрымаў на дзень нараджэння ў падарунак фотаапарат “Вясна”, – працягвае Уладзiмiр Сцяпанавiч. – Цяжка адказаць, хто каго вучыў, але адназначна, што дзякуючы гэтаму цудоўнаму падарунку я змог успрымаць наваколле набагата шырэй. І заўсёды здымаў, праяўляў стужкі, друкаваў здымкі і вучыўся, вучыўся, вучыўся. І да гэтага часу працягваю вучыцца. Мяняюцца тэхналогіі, удасканальваецца фотатэхніка, ўсё шырэй уваходзіць у жыццё інтэрнэт і лічбавая фатаграфія, а я працягваю здымаць, як і раней – назіраю, думаю і з дапамогай аб’ектыва спыняю імгненне…”

Ужо больш за чвэрць стагоддзя Уладзімір Сцяпанавіч праводзіць час у Пярэградзі. І кажа, што Мядзельшына стала для яго другой радзімай: Цёпла расказвае Уладзімір пра мясцовых жыхароў — шкада толькі, што іх у вёсцы ўсё менш і менш:

Людзей не так шмат, але ўсе розныя і добрыя. Як прыязджаў, бабулі расказвалі ўсе вясковыя навіны — то быў у курсе усіх спраў. А зараз тут зімуюць толькі ў 2 хатах. А ўсяго ў вёсцы 30 двароў, многiя з іх нежылыя.  Фотаапарат жа заўжды са мной. Браў  з сабой у лес, знаходзіў добрыя грыбы, фатаграфаваў з усіх бакоў. Ішоў далей і толькі потым успамінаў, што… забыўся грыбы зрэзаць.

Фатаграфія — гэта не мастацтва? Сiз так разважае:

Фотаапарат – толькі як інструмент выкарыстоуваецца. Чалавек бачыць, нешта яму западае ў душу – і ён пакідае гэта для сябе ды іншых.  Трэба iмкнуцца ўбачыць тое, што ўсе нiбыта i бачаць, але ж не заўважаюць... Глядзі, думай і фатаграфуй, і хай гэта ўбачаць людзi. Здымайце блізкіх, дом, дарогу ля дома! Вясной яна адна, восенню іншая. Здаецца,  адно і тое ж, але імгненне, як усход сонца, не паўтараецца…

…Развiтваючыся, фотамастак зноў здзiвiў: падзялiўся прыведзеным нiжэй тут цiкавым артыкулам. Пра што? Вядома ж, пра любiмую вёсачку ля возера Мядзел. Чытайце i Вы! Аўтар артыкула, дарэчы, – усё той жа… Здагадалiся, хто?

 

Гэта цiкава!

Вёска Пярэградзь на старажытным Альгердавым шляху

Пярэградзь – гэта вёска, якая адносіцца зараз да Мядзельскага сельскага выканаўчага камітэта Мядзельскага района Мінскай вобласці. Знаходзіцца за 7 км ад Мядзела на старажытным Альгердавым шляху з Полацака праз Паставы, Вілейку, Маладзечна… Магчыма, узнікла і яна, і назва таму, што тут “перагароджваўся” Альгердаў шлях і адыходзіла самая кароткая дарога да берага возера Мядзел, паселішча і замка Х-ХVст., які знаходзіўся на востраве Замак.

У першай палове ХV стагоддзя паселішча, па невядомых прычынах, было пакінута і перанесена на паўночны бераг возера Мястра (сучасны Стары Мядзел), а вёска Пярэградзь засталася і нават пазначана яна на “Карце Мінскай губерніі…” “Расейскага атласа…” 1800 года. На сённяшні дзень, ад таго Альгердавага шляху ў Пярэградзі засталося толькі тры кіламетры, але гэта ўжо сучасная дарога Н9219.

Недзе ў 1990 годзе скончана рэканструкцыя дарогі Мядзел – Чарняты, і цяпер аўтобусны прыпынак “Пярэградзь” у 100 метрах за вёскаю, на сотым кіламетры дарогі Р27.

Старажытная вёска у розныя гістарычныя часы называлася: Пярэгародзь, Перагародзь Пярэградзь, Преградзь, Перегродь, Пшегродзь, Przegrodz, Piarehradz, Peregrod, Pieriegrod, Piaregradz.

1868 год. Пярэградзь, вёска Мядзельскай воласці Вілейскага павета Віленскай губерні – 15 двароў, 126 жыхароў.

1908 год. Вёска Пярэградзь – 42 двары і 314 жыхароў. Каля вёскі знаходзіўся фальварак “Пярэградзь”, уладанне Мядзельскага касцёла з некалькіми жыхарамі.

Падчас Першай сусветнай вайны Пярерградзь доўгі час знаходзілася ў прыфрантавой паласе расейскай арміі, амаль што на пярэднім краі. Многія жыхары сталі бежанцамі і падаліся на усход, далей ад фронта. Акопы тых часоў бачны і цяпер у наваколлі вёскі.

За польским часам Пярэградзь – засценак у Мядзельскай гміне Дунілавіцкага, а потым Пастаўскага павета Віленскага ваяводства – 28 двароў (колькасць жыхароў невядома).

Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР Пярэградзь адносілася да Баярскага сельсавета Мядзельскага раёна Вілейскай, а потым Маладзечанскай вобласці. У пачатку 1953 года быў створаны Лацвянскі сельсавет, а ў студзені 1960 года гэтая тэрыторыя Маладзечанскай вобласці ўвайшла ў Мінскую вобласць.

У 1949 годзе ў вёсцы быў арганізаваны калгас “Праўда”. Праз пяць гадоў вёска і жыхары сталі 4-й брыгадай калгаса імя Булганіна, які ў 1957 годзе ператварыўся ў калгас “40 год Кастрычніка” з цэнтрам у Лотве.

Яшчэ ў 1960 годзе у Пярэградзі было 125 жыхароў, а ужо на 1 студзеня 1997 года ў вёсцы налічвалася 18 двароў і усяго 17 жыхароў. А ў Лацвянскім сельсавеце на гэты момант было 568 жыхароў, у 20 населеных пунктах: Воргі, Гарані, Кабайлы, Кямсы, Лапосі, Лотва, Маўчанкі, Маўчаны, Мікіткі, Міхалі, Пярэградзь, Радзькі, Ражкі, Расохі, Садоўшчына, Селькава, Цімошкаўшчына, Чалеі, Чарняты, Шалкоўшчына. Былі і паселішча, якія ўжо не існуюць: Зані, Лескі, хутары: Адоеўцы, Баранава, Берасцянік, Варанец, Воўчына, Дубавое, Іванава, Іванькі, Канцыполле, Каськоўшчына, Ласкішкі, Ставішова, Хмелінка, Ходасы, Чарняты.

Івашка Федар Лявонавіч, 1916 г. н., радавы 166-га спалучэння, памёр ад ран у студзені 1945, ва Усходняй Прусіі; Клечка Балеслаў Пятровіч 1918 г. н., загінуў у 1942 годзе недзе пад Масквой; Клечка Міхаіл, прапаў без вестак; Клечка Міхаіл Іванавіч 1918 г. н., прапаў без вестак. Гэта воіны-землякі з Пярэградзі, якія загінулі ці прапалі без вестак у гады Вялікай Айчыннай вайны.

Рашэннем Мінскага абласнога Савета дэпутатаў ад 29. 09. 2006 года № 245 усе вёскі і жыхары Лацвянскага сельсавета далучаны да Мядзельскага сельсавета. На гэты момант у Пярэградзі на 7 падворках пражывала 11 жыхароў: яны трымалі 1 каня, 1 казу і 4 авечкі.

З гутарки з Ганнай Аляксандраўнай Місуна, 1931 г. н., жыхаркай вёскі Пярэградзь: “Кавалем быў такі чалавек, зваўся Макадук, прозвішча не ведаю. Вучыліся мы, мясцовыя дзеці, ў пачатковай польскай школе, якая была тут, у вёсцы. Наша настаўніца, Гунэфа Францаўна, выйшла замуж за тутэйшага хлопца Ігналя Пісарчыка, калі ён служыў у войску ў Варшаве і прыехала з ім у Пярэградзь. Адна частка будынка была школай, а ў другой жыла настаўніца з сям’ёй. Толькі ў 1960 годзе ў вёсцы пабудавалі новую пачатковую школу, мураваную. Закрылі яе недзе ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя”.

Яшчэ і пасля вайны вяскоўцы доўга гаспадарылі аднаасобна, на сваёй зямлі. Потым усіх запісалі ў калгас. Праз нейкі час вясковы калгас аб’ядналі з Лотвай – і стала Пярэградзь далёкай брыгадай. Была тут канюшня, кароўнік, цялятнік, гумно, ток. Быў і свой калгасны каваль у вёсцы – Янель Пётра.

У жыхароў Пярэградзі былі такія прозвішчы: Клечка, Максімовіч, Пісарчык, Маркаў, Іванчанка, Грывусевіч, Хацяновіч, Тачыцкі, Дучынскі, Пашкевіч, Місуна, Міхневіч, Канановіч, Герасімовіч, Гурман, Папок. Быў яшчэ і такі чалавек – па мянушцы Франучак.

Пасля вайны, у пачатку пяцідзесятых гадоў багата моладзі з’ехала па вярбоўцы на лесанарыхтоўкі ў Карэлію, на шахты Данбаса і Кузбаса, на адбудову Мінска, а потым і на цэліну ў Казахстан. І з гэтага часу вёска пачала “старэць” і “паміраць”. На сённяшні дзень у вёсцы 30 двароў, 10 з іх зарэгістраваныя як жылыя і 15 жыхароў.

Раней кожная валока, дзесяціна ці шнурок зямлі ў наваколлі мелі сваю назву. Мелі назвы палі, сенажаці, балоты, лясы, дарогі і ўзгоркі. Адразу за кароўнікам ішла дарога на “Пасекі”, а “Дымава” было каля возера. “Рэдзькі”, “Шчокаты”, “Афіцэраў хутар”, “Салёмін хутар”, “Манахава гара” – гэта месцы, дзе былі хутары. А яшчэ былі: “Кляшня”, “Катлоўка”, “Кругляк”, “Воўчая яма”, “Пад гаям”, “Гаць”, “Плаў”, “Паплавы”, “Мох”, “Груздава”, “Кастусёва поля”, “Казіна гара”, “Сыманавы”, “Байдзянка”, “Матэй”, “Шабліца”, “Наносы” “Іванаўшчына”. Недалёка працякае рэчка Зелянуха і ручай у вёсцы, які мясцовыя жыхары называюць “Канава”.

Была ля вёскі і зямля мядзельскага касцёла з пабудовамі і каплічкаю, на развілцы дарогі на Цімошкаўшчыну і возера Мядзел (каплічка разбурана падчас Першай сусветнай вайны), называлась гэтае месца -- “Ксяндзова поле”.

На кожным хутары і вясковым падворку жыхары трымалі кароў, каней, былі авечкі, козы, свінні. Яшчэ ў 1992 годзе ў вёсцы гаспадары трымалі 19 кароў, а праз 13 гадоў пенсіянеры Альфрэда і Іван Гурманы прадалі апошнюю карову вёскі.

…Пярэградзь і цяпер яшчэ жывая: раз на тыдзень, у чацвер, прыязджае аўталаўка. Праўда, на зіму застаецца толькі некалькі жыхароў, а з вясны вёска ажывае – прыязжаюць дзеці, дачнікі. Багата адпачываючых у выхадныя дні летам і на беразе прыгожага возера Мядзел з празрыстаю вадою. З утварэннем Нацыянальнага парка “Нарачанскі” навыколле вёскі Пярэградзь стало яшчэ прыгажэйшым.

Уладзімір СIЗ

(Пры падрыхтоўцы матэрыяла выкарыстаны публiкацыi мядзельскай раённай газеты «Нарачанская зара»)

На здымках: Уладзiмiр СIЗ, аўтар выставы; моманты адкрыцця выставы i працы; толькi некаторыя з фотаработ, праз якiя творца з вялiкiм майстэрствам i замiлаваннем паказаў розныя моманты з жыцця Пярэградзi i яе непаўторных, адметных, на жаль, адыходзячых ужо насельнiкаў...


Система Orphus


КОММЕНТАРИИ К МАТЕРИАЛУ

    ПОИСК ПО САЙТУ

    СКАЗАНО!

    Леонид ЗАИКО, экономист, руководитель Аналитического центра «Стратегия»:

    – (О планах главы белорусского государства возрождать небольшие деревни – Прим. www.agrolive.by) . Они сначала создали проблемы, а теперь хотят их решать. Мне кажется, белорусская власть просто не понимает, что произошло в деревне. Она не имеет ни малейшего представления. Дело в том, что в Европе еще в средние века бедные крестьяне разорялись и уходили в города. В сельской местности оставались самые сильные. В Беларуси и в России все было наоборот: с того времени, как началась коллективизация, самые сильные и умные начали уходить из деревень.

    ЦИФРА

    Более 4,1 тыс. молочно-товарных ферм, из них 1 181 реконструированных и модернизированных

    всего в стране действуют по состоянию на 2017 год, проинформировали Президент Беларуси Александра ЛУКАШЕНКО во время одной из своих рабочих поездок в Брестскую область минувшим летом. Глава государства добавил, что в высокой степени готовности – еще более 120 ферм. И поручил завершить строительство МТФ в стране за 2017–2018 годы?, сообщило БЕЛТА.?

    ГЛАС(З) НАРОДА

    Заложники индустриализации. Из агрогородка

    Во всем мире исключительно важное значение приобрела проблема загрязнения воздуха и воды промышленными отходами. Особенно это касается промышленных центров и прилегающих к ним территорий, где сосредоточено много крупных предприятий. Жители агрогородка Вейно Могилевского района тоже считают себя в какой-то степени заложниками индустриализации.

    СИЗОХРЕНИЯ

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Фото Владимира СИЗА.

    ПОЧТА@AGROLIVE.BY

    Логин:
    Пароль:

    (что это)