ЗЕМЛЯ ЛЮДЕЙ

У Беларусі жывуць ці зыходзяць у нябыт аўтэнтычныя палескія спевы?


На Тураўшчыне, гэта геаграфічна – Жыткавіцкі раён, ёсць невялікая вёска Пагост, куды трапіць можна толькі адной дарогай. З астатніх бакоў гэта сакральнае месца акружаюць воды ажно дзвюх рэк. Чаму – “сакральнае”? Трапіўшы туды, я насамрэч зразумела – вось месцейка, дзе яшчэ жыве душа паляшуцкая! А яна ў песні, якую нельга падрабіць, выканаць пад фанаграму. Нават спрабаваць проста выносіць на вялікую сцэну – і то трэба адважыцца. Можа, хіба што харызматычны і тонкі знаўца беларускага фальклору Іван Кірчук паспрабаваў бы?...

Я ж толькі па-журналісцку асмелілася дакрануцца да гэтага цуда. Пакуль яшчэ, на шчасце, даступнага. Але што будзе далей? Не сакрэт жа, што з выміраннем  многіх такіх вёсачак, як Пагост, знікаюць і апошнія носьбіты аўтэнтычнай палескай песні? Каму яна дастанецца ў спадчыну, якую яшчэ Купала называў “усяго старонкай роднаю”? І, калі шчыра, дык ці патрэбна новаму імкліваму веку ўся гэта тонкая, карункавая, часам балючая духоўнасць, якая завецца песняй з глыбінь душы? Мае новыя знаёміцы са спеўнага гурта “Міжрэчча”,  што ў Пагосце, а таксама тамтэйшыя маладыя культработнікі, з падачы сталічнага карэспандэнта, разважаюць на зададзеную тэму. Прапануем далучыцца да нашага імправізаванага “круглага стала”! І пакумекаць разам, ці ж так на Беларусі ўсё добра з трапяткімі адносінамі да спеўных народных багаццяў, якія назапашваліся стагоддзямі?

…У Пагост мяне вязуцьі дзве сімпатычныя дзяўчыны – Ірына Юнчыц, дырэктар мясцовага сельскага клуба, і Кацярына Міхнавец, дырэктар Жыткавіцкага раённага Цэнтра фальклору. Адразу -- згодна ківаюць, калі пытаюся, ці не надакучылі журналісты. Так, пасля падарожжа спеўных бабуль з “Міжрэчча” ажно ў Германію – адразу з’явіліся жадаючыя нешта напісаць пра “наш адказ раскручаным“Бурановским бабушкам». Але, калі  паглядзець глыбей, што гэта за феномен – фальклорна-этнаграфічны ансамбль «Міжрэчча»?  

І.Гармель: -- Чаму, на ваш погляд, сёння часцей ўзгадваюць пра нейкія аператыўныя нагоды, а зусім рэдка – пра галоўнае? Мабыць, прабачце за сумную іронію, феномен “Міжрэчча” – у яго… зыходзячым статусе? Ёсць рызыка таго, што хутка і гэтыя маленькія аўтэнтычныя вёскі, кшталту Пагоста, і іх спеўная спадчына застануцца хіба што ў памяці?..

І. Юнчыц: -- Сапраўды, праблема мае месца! Яе трэба звязваць з агульнай тэндэнцыяй адтоку моладзі з сяла. Нельга сказаць, што ў Беларусі яна з цягам часу становіцца менш моцнай. Мы, вясковыя культработнікі, зразумела, стараемся рабіць сваю справу – “уцягваць” дзяцей, далучаць іх да сапраўдных каштоўнасцей той сельскай тэрыторыі, дзе яны нарадзіліся. Але ж… Цяжкавата! Яшчэ ў малодшых школьнікаў імкненне да вытокаў удаецца неяк падтрымліваць, а вось, калі падрастаюць тыя ж дзяўчаткі, пачынаюць на хлопцаў заглядацца… Тут ужо нярэдка спрацоўвае стэрэатыпнае – “быць як усе -- моднай, сучаснай”.

 І вось што даводзіцца чуць: “Навошта гэтыя народныя абрады, спевы? Неяк сорамна…” І узамен – Інтэрнэт, іншыя забаўкі, якіх шмат у наш час. Вельмі складана давесці сёння дзецям, што ёсць спрадвечныя каштоўнасці, а ёсць – на патрэбу дня, не болей! Зразумець, асэнсаваць гэта можна з цягам часу, калі займееш ўжо вопыт, жыццёвую мудрасць…

З кожным годам, калі казаць шчыра, шэрагі юных пераемцаў спеўнай палескай традыцыі – радзеюць…

І.Гармель:  -- А вы самі не задумваліся, чаму, усё ж, інтарэс да глыбінь фальклорных не згасае – хаця б сабе пакуль і на ўзроўні неглыбокага журналісцкага “наплыву”, асэнсавання? Ці не пачатак гэта аслаблення пазіцый мыслення трафарэтна-інтэрнэтнымі вобразамі? Мне падаецца, пасля выступу “Бурановских бабушек» на «Еўрабачанні-2012” назіралася пэўнае ажыўленне цікавасці да адпаведнага культурнага пласта. Праўда, гэта хутчэй нагадвала паход “паглядзець на экзотыку”, а не спробу пачуць тое, ад чаго пахіцу адыходзім, хіба ж не так?

К.Міхнавец: -- Можа, гэта і нядрэнна – шукаць фальклорныя таленты, расказваць пра іх на шырокую аўдыторыю? Дарэчы, сапраўдных адмысловых выканаўцаў народнай песні – што ў Расіі, што ў нас, на Беларусі – не так і шмат. Напрыклад, гісторыя “Міжрэчча” яскрава даказвае: каб спеўная традыцыя ў той ці іншай вёсцы не толькі нарадзілася, але і адзначалася асаблівым каларытам на працягу доўгага часу – патрабуюцца высілкі сапраўдных талентаў! Менавіта тых, якія з’явіліся з глыбінь народных. Узяць тую ж Кацярыну Аляксееўну Панчэню. Шмат гадоў яна бясспрэчны лідэр “Міжрэчча”, у чымсьці – аўтарытарны, напэўна (усміхаецца). Некалі пачынала гуртаваць вакол сябе тады яшчэ маладзейшых кабет, ды і цяпер не кідае справу. На жаль, нашы пявунні не маладзеюць, і пытанне пераемнасці традыцыі стаіць востра…

І.Юнчыц: -- Дадам: адметнасць пагосцкай спеўнай традыцыі – яшчэ і ў тым, што яна цесна пераплеценая з абрадавай. У ваколіцах старадаўняга Турава  здаўна жылі людзі крыху загадкавыя, здольныя пераўтварыць, скажам, звычайны выган скаціны ў поле напрадвесні ў сапраўднае маляўнічае “действо”.

І.Гармель: -- Пагадзіцеся, ёсць сэнс разважаць пра цэлы свет, асобную цывілізацыю ў межах таго ж беларускага Палесся? Пра культурна-этнаграфічную адметнасць, якую таксама рызыкуем страціць, улічваючы шпаркія тэмпы адмірання вёсак?

І.Юнчыц: -- Сапраўды, тут няма аніякай штучнасці, поўная і яскравая аўтэнтыка! Тая ж Кацярына Панчэня, калі загадвала сельскім клубам, падбірала рэпертуар, ходзячы па бабулях, якім, у сваю чаргу, гэта спадчына дасталася ад іх прашчураў. Не ведаю, ці варта казаць пра палескія спевы, як пра нейкую разнавіднасць беларускага фальклору, але ж цвёрда ўпэўнена: такога -- вы не пачуеце больш нідзе!

К.Міхнавец:  -- Нездарма ж у нашым раёне створаны Цэнтр фальклору! Пагосцкая традыцыя – далёка не адна такая, на жыткавіцкай зямлі хапае вёсачак, кожная з якіх можа пахваліцца СВАІМ спеўным каларытам! Многія нашы самадзейныя калектывы, між іншым, маюць званні “народных”. І, што цікава, на сцэну звычайна выходзяць у строях, якія ствараюць сваімі ж рукамі. Ёсць значныя адметнасці, зрэшты, не толькі ў дэталях убранняў – галоўнае, як спяваюць! Практычна ўсе выкарыстоўваюць дыялектныя словы з тых вёсак, дзе жывуць…

І.Гармель: -- Цікава, а вы самі ўпэўнены, што… добра ведаеце населеныя пункты Тураўскага краю – з пункту гледжання прыхаваных там фальклорных багаццяў?

К.Міхнавец: --  Так, калі паглыбляцца, раскопваць новыя пласты – працы яшчэ шмат! Гэта такая глыбокая крыніца, з якой наталяць смагу – аднаго жыцця не хопіць!

І.Гармель: -- А як вы ставіцеся да таго, што нейкія аўтэнтычныя песенныя творы бяруць артысты і, “прапусціўшы” праз сябе, сваё творчае ўяўленне, выносяць на вялікую сцэну? Па-першае, варта гэта рабіць, наогул? А, па-другое, калі ёсць сэнс, карысць, дык ці не падаецца, што апошнім часам мала прыкладаў добрага фольк-асэнсавання – часцей узгадваюцца Кірчук і этна-трыо “Троіца”, “Палац”  Хаменкі і… Усё? Дык, можа, -- рукі прэч ад аўтэнтычнага фальклору?! Хай лепей – ніяк, чым – абыяк?!

І.Юнчыц: -- Чаму вы так лічыце, што не варта чапаць вясковыя фальклорныя традыцыі? Пытанне ў тым, як гэта рабіць! І дзеля чаго… Проста любы выканаўца, які бярэцца за такую справу, павінен імкнуцца максімальна наблізіцца да асэнсавання таго, што закладзена менавіта ў арыгінальнай трактоўцы. Калі робіцца “нешта гэтакае” з песні – адчуваецца моцны “подых” штучнай стылізацыі! Фактычна сам спеўны твор вынішчаецца, застаюцца словы, не болей. Наўрад ці такая “прапаганда” на карысць зберажэнню беларускай фальклорнай традыцыі!

І.Гармель: -- Згадзіцеся, ёсць небяспека, што хутка будзем ведаць падобныя маленькія шэдэўры толькі ў інтэрпрэтаваным выглядзе, няхай – і з густам, адмыслова зробленым…

І.Юнчыц: --  А мы -- навошта?! Як раз галоўная наша задача – не выконваць зараз са сцэны аўтэнтычныя песні, не перамагаць на шматлікіх конкурсах, а менавіта старанна, эфектыўна перадаваць песенную спадчыну новым пакаленням. Трывожна тое, аднак, што масавасці заняткаў юных вяскоўцаў  фальклорам у апошнія гады амаль не назіраецца. Пераемнасць жа забяспечваецца, калі дзеці выходзяць на сцэну разам са слыннымі бабулямі-пявуннямі… 

Наконт эксперыментаў з фальклорам на эстрадзе… Думаю, трэба старанна вывучаць матэрыял, што называецца, з выездам на месца. Толькі паслухаўшы носьбітаў першакрыніцы, можна наблізіцца да разумення вытокаў. І варта памятаць: жывуць яшчэ бабулі, якім могуць досыць крытычна паставіцца да выкарастання іх песеннага багацця.

І.Гармель: --  “Бурановские бабушки»… Іх выступ на еўрапейскай сцэне – ці не было ва ўсім гэтым нейкага элементу… сцёбнага стаўлення?

І.Юнчыц: --  Харошыя, шчырыя бабулі! Добра спяваюць. А , што, хіба можна забараніць сёння такія эксперыменты? Да таго ж, ніхто калектыў сілком на сцэну еўрапейскую не цягнуў. Значыць, самім было цікава папрацаваць у новым напрамку? Напэўна…

І.Гармель: -- А беларуская фальклорная спадчына – чаму найперш цікавая не нам самім, а еўрапейцам? 

К.Міхнавец: --  Можа, таму, што на адносна невялікай тэрыторыі, якую займае сёння Рэспубліка Беларусь, захавалася вельмі шмат разнастайных фальклорных традыцый, напрамкаў, стыляў і гэтак далей? Не зусім здольныя мы ўсё гэта ўспрымаць, бо слухаць песні палескія аўтэнтычныя, да прыкладу, -- не проста забаўка! Гэта патрабуе сур’ёзнай працы душы!

…А еўрапейцам, якія перажылі ўжо захапленне найноўшымі цывілізацыйнымі дасягненнямі, хочацца ўвесь час адкрываць для сябе нешта арыгінальнае, некамерцыялізаванае дашчэнту. Вось і ўвесь сакрэт…

І.Гармель: -- І калі ж мы, беларусы, нарэшце адважымся паслаць на тое ж “Еўрабачанне” прадстаўніка, які б перадаў нашу нацыянальную адметнасць?! А не проста шэрагова патаньчыў на шарыку з папсовым галасавым суправаджэннем…

І.Юнчыц: --  Ведаеце, а сапраўды – пара ўжо так зрабіць, каб і наш фальклор “засвяціўся”у такім гучным конкурсе! Цікава было б пачуць водгукі сапраўдных прафесіяналаў на магчымы выступ – і не дзеля перамогі ці высокага выніковага месца. Проста нам трэба неяк упісвацца ў сусветныя планетарныя тэндэнцыі, знаёміць праз спеўныя “фішкі” з Беларуссю  грамадзян планеты Зямля. Інакш – можам застацца назаўсёды нейкай малавядомай тэрыторыяй – не то “у Расіі”, не то “каля Польшчы і Літвы”…

..Неўпрыкмет трапляем у Пагост, дзе да нашай гаворкі далучаюцца некаторыя ўдзельніцы калектыву “Міжрэчча”. У яго складзе – дзевяць кабет, самай малодшай з якіх – 55, а найстарэйшай – 85. Кацярына Панчэня, Марыя Валанцэвіч, Аляксандра Зохно, Галіна Літвінко, Зоя Кацянёва непасрэдна прынялі ўдзел у нашым “круглым стале” . Наталля Марозава, Святлана Смалянец, Алена Кулік, Алена Мурашка, а таксама адзіны на ўсё “Міжрэчча” мужчына – Сяргей Яфімовіч – былі занятыя на асноўных месцах працы…  

К.Панчэня: -- Вось і дабраліся вы, паважаны карэспандэнт, да нашага Пагосту – краю цудаў…

І.Гармель: -- Пра цуды нічога не чула, а вось пра спевы вашыя, тутэйшыя, адмысловыя – шмат чаго кажуць…

К.Панчэня: -- О, гэта ў нас тут спрадвеку вялося! І пасля таго, як сыйдзем на той свет, таксама будзе. А цуды… Некалі на месцы клуба нашага стаяў храм – вышынёй 37 метраў! Сюды здалёк госці прыязджалі – ажно з Кіева…

І.Гармель: --  А як дакладней сказаць: вы тут, у Пагосце, жывяце, як спяваеце, ці спяваеце, як жывяце?

К.Панчэня: -- І так, і гэтак – кажы, не памылішся! Спеўна жывём… Ці дрэнна, ці добра – нам заўсёды няблага, ніколі не скардзімся. Раней, на жыццё больш галоднае, нават больш спявалі. Цяпер жа, калі заспяваеш, могуць падумаць – напіўся ці напілася…

І.Гармель: -- ?!

К.Панчэня: -- Раней, памятаем, шэсць дзён працавалі на калгас, а ў нядзельку – час бавілі на сябе. Каля кожнай хаты спявалі, гулялі, а ў клуб было не ўбіцца. Ніхто, дарэчы, па святых дзяньках не працаваў, а зараз… Маладыя кажуць пра тое, што заспяваў – значыць, не зусім цвярозы. Іншы свет пайшоў, іншыя завядзёнкі… На маю галаву, дык сучасная моладзь толкам і не ведае, што такое сапраўдны адпачынак на вёсцы, а што – добрая, плённая праца.

І.Гармель: -- Затое яны добра засвоілі, як “лазіць” у Інтэрнэт…

К.Панчэня: -- Не, гэта не пра нас! Нават пра мабільнік кажам, прабачайце, -- “дэбільнік”.  Амерыканскія грошы надта паважаюць маладыя – “баксамі” называюць. Вось і разбяры яе, гэтую “сучасную” мову! Язык зломіш, а вы кажаце – спевы…

З.Кацянёва: -- І то праўда, глядзіш на “бакс” гэты – раней бы падумаў, што нейкія размаляваная паперчына. А, глядзі ж, якую ўладу над людзьмі захапіла!

І.Гармель: -- Ну, і як вы жывяце, сябе пачуваеце ў гэтым веку дзіўнаватым? Не здаецца, што нікому не патрэбныя са сваімі спевамі?

М.Валанцэвіч: -- Як жыву? Нармальна! Спяваю – як гора, як радасць. З “дэбільнікам” дзеці неяк навучылі ўпраўляцца…

К.Панчэня: -- Як ставімся да таго, што хтосьці можа захацець выконваць песні з нашага рэпертуару? Я іх нікому не аддаю, але спяваць – нібыта і даю, няхай… Хіба можна перадаць назаўжды сваю душу?! Не стану слухаць, як спяваць будзеце, а буду слухаць – як маю, нашу песню выканаеце… Ёсць песні, у якіх – мая музыка, маё гора, мая туга, мая боль. Хай іншыя бяруцца, спрабуюць спяваць, на здароўе! Вось толькі крыўдна, калі аб’яўляюць са сцэны, што песня з рэпертуара гэтага выканаўцы. Тады баліць мне нешта ў душы… 

…А так – слухачы ацэняць, калі добрае выкананне! Чаму ж не?

І.Гармель: -- А як трэба спяваць пагосцкія песні?

К.Панчэня (звяртаючыся да маладзейшых культработнікаў): -- Вось вы, дзяўчаты, чым пяеце?

І.Юнчыц: -- Голасам…

К.Панчэня: -- Не, спяваюць душой, галубка! Хоць мне даводзілася чуць і такія адказы – “галавой”, “сэрцам”… Няхай на душы боль, скруха, адчай – усё роўна трэба спяваць!

І.Гармель: -- У Германіі, куды ансамбль “Міжрэчча” патрапіў, таксама выпала сваю душу прыадчыніць?..

М.Валанцэвіч: -- Ой, там было файна! Не адпускалі нас са сцэны, вельмі цёпла аднесліся. Не ведаю, ці глыбока разумелі яны, у Еўропе той, нашы спевы, але – не шкадуем, што туды з’ездзілі…

К.Панчэня: --  Мы пабывалі спачатку ў Берліне, потым у Дрэздэне. На тых пляцоўках, нам сказалі адразу, -- гэта былі першыя выступы беларускіх артыстаў за доўгі час. Было прыемна і адказна… Ехалі – канешне, хваляваліся. У мяне ціск мог падскочыць ад пералёту, ды, дзякаваць Богу, усё склалася добра.

І.Гармель: -- Зараз у вашым калектыве – не больш за дзесятак удзельнікаў. Ці не мала, як лічыце? І дзе, з каго цяпер на вёсцы выбіраць слынных спеўных артыстаў?

Тут усе, ледзь не хорам, сталі ўспамінаць, што, былі часіны, “Міжрэчча” гуртавала вакол сябе і па 25 выканаўцаў. Цяпер – “няма таго, што раньш было”, кажучы словамі Багдановіча…

К.Панчэня: -- Адкуль брацца тым артыстам, калі вёска наша, ды і суседнія таксама, старэе ўвачавідкі?! Было раней у ваколіцах ці не з дзесятак розных месцаў, дзе мог вясковец на працу ўладкавацца. Зараз усё пазачынялі, аўтобусныя маршруты паскарачалі – а даўней ці ў Тураў, ці ў Жыткавічы можна было па два разы на дзень абярнуцца. У такім умовах -- хіба захоча моладзь на сяле заставацца? У Пагосце цяпер чалавек восемдзесят, мо, не болей. Некалі – сем соцен гаспадарак налічвалася. Рабіце высновы самі…

І.Юнчыц: -- Вялікая праблема на сяле – алкаголь. Таму і ў клуб не зазавеш, аддаюць перавагу сельмагу, там купляюць крышку “вясёлага жыцця”…

А.Зохно: --  О, і не кажыце --  а колькі пітушчых ужо адкінулася… Жах! Такое адчуванне, што нехта спецыяльна атруціў вясковы люд – хворыя ўсе ад гэтай заразы! Не ведаю, ці біла так балюча раней самаробная гарэлка, як цяперашняе крамнае пітво…

К.Панчэня: -- Не, сяброўкі, тут я з вамі не пагаджуся! Піццё піццём, але галоўнае – працоўныя рукі для вёскі. Няма іх – лічы, адыходзіць і само сяло. А працоўнага рэсурсу няма ў нас, бо ніхто не думае, чым чалавека заняць. Аднымі песнямі не пракормішся…

…Вось так: пачалі  пра спрадвечнае, духоўнае, а прадоўжылі -- прозай вясковага жыцця. І не толькі… Да прыкладу, культработнікі расказалі, што для прасоўвання культуры на сяло не хапае спецыялістаў. Ніводзін з сельскіх клубаў у Жыткавіцкім раёне  не мае свайго транспарту, каб, як заўважылі пявунні з “Міжрэчча”, мець магчымасць “Беларусь, а не толькі Германію пабачыць”. Канешне, выкручваюцца, наймаюць прыватных перавозчыкаў, але ж – свае сталыя калёсы варта было бы мець? Кацярына Панчэня і яе калежанкі не супраць выступіць хоць сабе і на адным з будучых “Еўрабачанняў”. “Не так важнае месца, як шанец сябе паказаць”, -- заўважыла Кацярына Аляксееўна, відавочны “важак” гэтай спеўнай кампаніі.

К. Панчэня: --  Асабіста я ганаруся тым, як сябе паказалі  на ўвесь свет “Бурановские бабушки»! Мару: калі-небудзь з імі спаткацца, пагаманіць.І няхай нас возьмуць на тое «Еўрабачанне» – таксама адчайнымі будзем, паедзем!

Г. Літвінко: --  Нам патрэбен добры спонсар, а лепей – учэпісты, настырны прадзюсэр…

К.Панчэня: --  Не дужа багатая культура, каб нам бензін купіць на праезд, хаця б… 

…Напрыканцы размовы за імправізаваным “круглым сталом”, натуральна, загучала песня. Тая самая -- аўтэнтычная, палеская, пагосцкая. Не чакала ад сябе, але ўжо пасля першых гукаў -- набеглі слёзы… Хацелася слухаць ды слухаць. Пявунні з “Міжрэчча” падаравалі невялічкі канцэрт. А ўжо зусім на развітанне я папрасіла новых знаёмых  выказацца, што ж трэба ў краіне пад назвай Беларусь рабіць, каб не знікла непаўторная аўтэнтыка палескай песні.

К.Панчэня: -- Крыху больш на дзяржаўным узроўні надаваць увагі культуры, яе фінансаванню.

З.Кацянёва: --  Варта, каб на раённым узроўні не “заціскалі”, давалі магчымасць дзяліцца сваімі напрацоўкамі, некаму передаваць свій імпэт… Будзем паважанымі за межамі Беларусі толькі тады, калі нас тут крыху прыўзнімуць…

ТЫМ ЧАСАМ…

Вядомы беларускі музыка, фронтмэн групы J:Морс Уладзімір Пугач у адным з  інтэрв’ю падцвердзіў: вельмі хоча зрабіць сольны праект палескіх спеваў. Але ўсё неяк не даходзяць рукі ды не набіраецца дастатковай колькасці аднадумцаў, каб ажыццявіць ужо досыць даўнюю задуму.

Што ж гэта будзе за праект? Ён, па словах Пугача, абавязкова стартане, але вось калі дакладна? Музыка не можа паведаміць хаця б прыкладных тэрмінаў, затое распавядае крыху пра сам матэрыял. Гэта – песні, якія некалі спявала бабуля Уладзіміра, а таксама творы, сабраныя ім самім у этнаграфічных пошуках на Піншчыне (Пугач родам з гэтага палескага краю). Галоўны джэйморсавец абяцае, што не збіраецца рабіць нешта ў стылі  Івана Кірчука, бо той “папросту непараўнальны ў сваіх пошуках”. Пугач плануе прадставіць слухачам “перапрацаваны погляд на палескую музыку, а не спробу пераспяваць і дадаць сучаснага гучання”. 

Фота аўтара


Система Orphus


КОММЕНТАРИИ К МАТЕРИАЛУ

    ПОИСК ПО САЙТУ

    СКАЗАНО!

    Иван АМОСОВ, сооснователь компании 101dom.by, занимающейся строительством деревянных домов с использованием белорусских традиционных материалов и методик:

    – Если бы деньги, израсходованные на строительство БелАЭС, страна потратила на развитие альтернативной энергетики и внедрение соответствующих идей в жилищное строительство… Было бы куда больше пользы – и в государственном масштабе, и для отдельных граждан. Это повлекло бы за собой некий тренд, моду даже. И люди бы не опасались, например, делать ставку на использование того же самого теплового насоса. Надо понимать: газу есть альтернатива! Нужно только показать ее, убедительно пропиарить. Дело бы пошло. Оно и так движется, правда, потихоньку. И, все равно, в Беларуси достаточно энтузиастов, которые уже используют альтернативные источники энергии для своих домов. Свое жилье многим реально сделать более энергонезависимым собственными усилиями!

    ЦИФРА

    Более Br712 млн

    выделено из бюджета на реализацию в 2017 году мероприятий госпрограммы развития аграрного бизнеса в Беларуси, рассчитанной до 2020 года. Такое решение закреплено постановлением Совета Министров №62 от 23 января текущего года, сообщили БЕЛТА в пресс-службе правительства.

    ГЛАС(З) НАРОДА

    Фермера из-под Гомеля разорили чиновники?

    В деревне Страдубка, что в Гомельской области, с работой – не лучшая ситуация. А потому молодой человек – активный, с ветеринарным образованием – Иван ХВОИН решил заниматься собственным хозяйством и за счет этого жить.

    СИЗОХРЕНИЯ

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Фото Владимира СИЗА.

    ПОЧТА@AGROLIVE.BY

    Логин:
    Пароль:

    (что это)