ЖУРНАЛИСТСКОЕ РАССЛЕДОВАНИЕ

Хроніка марнай спробы: чаму калгас-банкрут на Мядзельшчыне так і не стаў паспяховым?

Невясёлая, але праўдзівая гісторыя пра тое, як менскі прадпрымальнік Міхаіл Шурым паўдзельнічаў у прыватызацыі збанкрутаванага калгасу ў Мядзельскім раёне і чаму з гэтага ня выйшла нічога добрага.

Гісторыя сьцісла

2004 год. Бізнэсовец Міхаіл ШУРЫМ (на здымку) на падставе прэзыдэнцкага ўказу № 138 «Аб прыцягненьні інвэстыцыяў у сельскагаспадарчую вытворчасьць» набыў стратны калгас у Мядзельскім раёне — за 100 тысяч даляраў і з абавязаньнем пагасіць 1 мільён даляраў даўгоў банкрута. Так паўстала прыватная сельскагаспадарчая вытворчасьць на базе малочна-таварнай фэрмы «Сырмеж».

2004–2012. За 8 гадоў Шурым уклаў у гаспадарку 3 мільёны даляраў уласных сродкаў, але ня здолеў зрэалізаваць супольныя праекты з удзелам замежных івэстараў: улады раёну і вобласьці не дазволілі будаваць малаказавод за ізраільскія грошы і сьвінарнік на аснове францускіх тэхналёгіяў.

2012. На прадпісаньне камісіі Мядзельскага райвыканкаму прадпрымальнік пазбавіўся ўсяго пагалоўя буйной рагатай жывёлы — у раённых кантралёраў узьніклі пытаньні да надзейнасьці 5 будынкаў фэрмаў, якія дасталіся ў спадчыну ад колішніх гаспадароў. Агулам 767 дарослых жывёлін і маладняку былі перададзеныя «на захаваньне» у іншыя калгасы.

2013. У рамках барацьбы з эпідэміяй АЧС М. Шурым атрымаў прадпісаньне ўладаў зьнішчыць больш чым 1000 галоў сьвіней. Ніякай матэрыяльнай кампэнсацыі за гэта не прадугледжвалася, а страты перавысілі 200 тысяч даляраў.

2014. Пачалася працэдура банкруцтва прыватнай фэрмы «Сырмеж». Тэхніка выстаўлена на аўкцыён, пасяўныя плошчы прыватнай гаспадаркі перададзеныя суседнім калгасам разам з ураджаем.

2015. Бізнэсовец спрабуе вярнуць больш чым 700 кароў, бо статак быў  фактычна экспрапрыяваны без судовага вэрдыкту. Агульны страты ад гэтага склалі каля 1 мільёну даляраў. Гаспадарчая інфраструктура занепадае: кароўнікі, сьвінарнікі, іншыя пабудовы без дагляду развальваюцца.

Гісторыя ў дэталях

Вёска Сырмеж — адзін з апорных пунктаў колішняга калгасу «Вішнеўскае» Мядзельскага раёну, а пазьней — прыватнай малочна-таварнай фэрмы «Сырмеж». Цяпер тут -- руіны. Больш за дзясятак кароўнікаў, сьвінарнікаў, складоў, збожжавых такоў рызыкуюць у кожны момант абваліцца, ад іншых ужо і засталіся разваліны.

Для жыхароў Сырмежу, Астраўлянаў, Буйкоў ды некаторых іншых вёсак пазытыўныя зьмены насталі ў 2004 годзе. Стратны калгас, які зь вялікім доўгам фактычна йшоў на дно, набыў бізнэсовец зь Менску Міхаіл Шурым. Тады яму не было 60, а зараз ужо за 70. Ён валодае ў Менску прыватным прадпрыемствам «Цепласеткі», віцэ-старшыня Беларускага саюзу прадпрымальнікаў. Але як прыйшоў у аграрны бізнэс?

«У 2004 годзе ў офіс прыйшоў кіраўнік адміністрацыі Заводзкага раёну Менску Вячаслаў ЮХНОВІЧ і з парогу сказаў: „Дарагі мой Міша! Калі ты ня купіш калгас, мяне выганяць з працы“. Ну, што рабіць, калі пытаньне пастаўлена менавіта так? Я, вядома, купіў. Зразумела, прапаноўваў ён ня толькі мне. Як потым высветлілася, Юхновіч стаў першым сярод сваіх калегаў у горадзе, чые бізнэсоўцы выкупілі найбольшую колькасьць праблемных калгасаў», — згадвае М. Шурым.

У красавіку 2004 году кіраўнік Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА правёў нараду, прысьвечаную рэфармаваньню прадпрыемстваў аграрнай галіны. За месяц да таго быў падпісаны ўказ № 138 «Аб некаторых захадах для фінансавага аздараўленьня сельгасарганізацыяў і прыцягненьні інвэстыцыяў у сельскагаспадарчую вытворчасьць». Неадкладных рашэньняў вымагала крытычная сытуацыя ў аграсэктары: звыш 1000 гаспадарак (47,5% ад агульнай колькасьці) былі стратнымі. І гэта яшчэ ня горшы паказьнік — за год да таго іх было 68%. Да 1 студзеня 2006 году прадпісвалася ўратаваць 1203 сельгасарганізацыі.

«Трэба залучыць патэнцыял прадпрымальных людзей і аказаць ім падтрымку, — казаў тады Аляксандар Лукашэнка. — Такім чынам мы паглядзім, што такое прыватны капітал у сельскай гаспадарцы. І калі прадпрымальніцкія структуры ўкладаюць сродкі, то яны павінны стаць гаспадарамі і мець права распараджацца ўсім дакладна гэтаксама, як сёньня распараджаецца кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства».

Міхаіл Шурым адпавядаў крытэрам такога даверу: ягонае прадпрыемства «Цепласеткі» шмат гадоў было ў ліку найбуйнейшых падаткаплатнікаў Заводзкага раёну Менску.

«Бюджэт гадамі траціў вялізныя сродкі на датацыі ў сельскую гаспадарку. Паўстала дылема: ці працягваць яе напампоўваць грашыма і надалей, ці падключыць буйныя структуры і прыватнікаў? Лёгіка простая: купіце па калгасу ды плаціце са сваёй кішэні. „Беларусбанк“ набыў — ну, і трымай. Упрэглася „Мінэнэрга“ — раздобрыся. Падцягнуўся Шурым — аналягічная гісторыя. Праўда, стратных калгасаў было выстаўлена шмат, а адважных знайшліся дзьве сотні, ня болей», — гаворыць прадпрымальнік.

І «бонусам» калгасныя даўгі на мільён даляраў

У ліпені 2004 году на падставе сакавіцкага ўказу № 138 і чэрвеньскага № 280 «Аб парадку і ўмовах продажу юрыдычным асобам прадпрыемстваў як маёмасных комплексаў стратных сельгасарганізацыяў» менскі бізнэсовец, які дагэтуль займаўся пракладваньнем цепласетак, стаў уладальнікам вытворчага каапэратыву «Вішнеўскае» — разам са старымі даўгамі і новымі абавязаньнямі. Юрыдычная асоба атрымала статус прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства «Малочна-таварная фэрма «Сырмеж».

Згодна з дамовай куплі-продажу, «піянэрам» прадугледжвалася «зьніжка пакупніка»: цана суб’екта гаспадараньня вызначалася ў памеры 20% ад кошту чыстых актываў на момант дамовы. Прыкладна 100 тысяч даляраў у эквіваленце — ня так шмат за 3,5 тыс. га з пашай, гаспадарчымі пабудовамі, машынна-трактарным паркам ды пагалоўем жывёлы. Каб не адзін нюанс: на каапэратыве віселі даўгі, сума якіх у 10 разоў перавышала кантрактную.

«З прычыны свайго вялікага розуму я быў упэўнены: набуду гаспадарку, падыму і пачну разьвіваць, — кажа Міхаіл Шурым. — Выплаціў 1 мільён даляраў даўгоў, закрыў запазычанасьці. Фактычна пачалі з чыстага аркуша. Праўда, занэрвавала адміністрацыя Заводзкага раёну Менска. Выклікалі і паставілі да сьцяны: ты што робіш? Плаціў падаткаў ледзь ня больш за ўсіх, а цяпер утрая меней! Тлумачу, што нясу значныя выдаткі на калгас, які вы ж мне і ўсунулі! — Дык аддзялі сельскую гаспадарку, хай Мядзел траціць. А мы не павінны».

Нягледзячы на новую для сябе справу, Міхаіл Шурым з дапамогай каманды адмыслоўцаў спасьцігаў азы аграрнай галіны. Абноўленая гаспадарка, якая нарэшце вылезла з даўгавой ямы, пачала станавіцца на ногі.

«У розныя працы былі залучаныя больш за 100 чалавек, — падымае статыстычныя зьвесткі былая галоўная бухгалтарка МТФ „Сырмеж“ Леакадзія БЕЛАВУС. — Заробкі расьлі, былі вышэйшыя за сярэднія ў Мядзельскім раёне. Скажам, даяркі мелі старымі 5 мільёнаў рублёў, праз гады тры столькі ж пачалі атрымліваць у іншых месцах. Надоі на карову падымаліся да трэцяга месца па раёне. Ну, што казаць, нармальная гаспадарка. А цяпер -- хто дзе: адны бяз працы, іншыя езьдзяць у суседнія калгасы, выжываюць як могуць».

Парэшткі безгаспадарнасьці

…У будні дзень Сырмеж вымірае — бальшыня работнікаў едзе на працу ў суседнія калгасы, за 15-20 кілямэтраў. З гэтай прычыны некаторыя мусяць адмаўляцца ад хатняй гаспадаркі: няма магчымасьці, як раней, прыбегчы ў абед ды падаіць карову. Некалькі чалавек, якіх удалося сустрэць у вёсцы, папросту адмовіліся гаварыць. Толькі адмахнуліся, што лепей ужо ня будзе, а новую бяду можна наклікаць. Баяліся нават тыя, хто колісь працаваў у «штабе» Шурыма, а цяпер -- на вымушаных заробках.

Ізраільскі праект спыніў райвыканкам

Як кажа сам Міхаіл Шурым, для сябе ён вырашыў, што будзе займацца не фарбаваньнем фасадаў перад прыездам начальнікаў, а засяродзіцца на прыцягненьні сучасных тэхналёгіяў. І выправіўся да ізраільскіх калегаў у перадавы кібуц Ятвата. Там агучыў ідэю сумеснага прадпрыемства. Ізраіль у гэтай галіне мае значныя дасягненьні: калі тамтэйшая карова дае 9 тысяч літраў малака на год, яе адпраўляюць «на сасіскі». Трэба 15 тысяч. Беларуская ж лічыцца добрай пры надоях утрая меншых.

«Там адрэагавалі з энтузіязмам, — працягвае ён. — Я аплаціў паездку будучым інвэстарам, прывёз у Сырмеж. Усе ў захапленьні! Нашы кліматычныя ўмовы больш спрыяльныя, чым у Ізраілі, каровы ня любяць гарачыні. Выказалі адно пажаданьне: трэба, каб малако адразу ішло на малаказавод. Я толькі „за“. Ёсьць адміністрацыйны будынак, які не выкарыстоўваецца, калі ласка. Прыехаў адмысловец, які спэцыялізуецца на праектаваньні такіх аб’ектаў. Паглядзеў — усё окей, зьбірайце дакумэнты!»

Першы ж паход у Мядзельскі райвыканкам прадэманстраваў: з новымі ўласьнікамі будуць размаўляць гэтаксама, як і з кожным старшынём калгасу. Заявілі, што будаваць малаказавод бліжэй за 100 мэтраў ад жылых дамоў не дазволяць. Аргумэнты, што нашмат больш небясьпечныя па выкідах менскія прадпрыемствы «пыхкаюць» проста ў вокны шматпавярховікаў, ня дзейнічалі.

Нічога не зьмяніў і візыт да намесьніка старшыні Менскага аблвыканкаму, які проста параіў «ня парыць марна мазгі». І раскрыў вочы на рэальныя рэчы: як царква фармальна аддзеленая ад дзяржавы, так і перапрацоўка малака — ад калгасаў.

«Гэта вялізная праблема нашай эканомікі, — працягвае гаспадарнік. — Ёсьць калгас, які дае малако, і ёсьць малаказавод, які за капейкі яго купляе, перапрацоўвае. Як правіла, ня мае ўласнай гандлёвай сеткі, пастаўляе ў крамы. Што важна: калгасы, заводы, гандаль падпарадкоўваюцца аднаму чалавеку — старшыні райвыканкаму. Цяпер зразумела, хто сапраўдны ўласьнік усёй сельскай гаспадаркі краіны? А я, ня ведаючы падводных плыняў, узяў і прапанаваў уласны заводзік. Справа здохла».

Марныя высілкі францускага сьвінара

Пасьля гэтага Міхаіл Шурым зьнізіў градус актыўнасьці, але ненадоўга. Паспрабаваў прасунуць у Беларусь сьвінагадоўчыя комплексы заходняга ўзроўню. Скарыстаўшыся кантактамі з тагачасным амбасадарам Францыі ў Беларусі Стэфанам ШМЯЛЕЎСКІМ, дамовіўся наконт экспэртнай ацэнкі. Своеасаблівым гарантам пагадзіўся выступіць князь Мацей РАДЗІВІЛ, нашчадак слыннага роду, які па прыезьдзе ў Беларусь таксама наведваўся на Мядзельшчыну.

«Прыехаў францускі сьвінар: можна зрабіць выдатны комплекс. Нават без авансу, пад гарантыі інвэстыцыяў. Упёрліся ў тое, што патрэбна рашэньне аблвыканкаму. То бок -- уключыць мяне ў пералік крэдытораў, каб у выпадку чаго я вяртаў сродкі. Кажу: дык грошай ня трэба, толькі ваша гарантыя, у заставу потым зможаце ўзяць сьвінакомплекс. Што мне адказалі? Дуля табе, а не гарантыя. Што такое? У кулюарах прашапталі: як толькі мой мадэрнізаваны сьвінарнік пачне даваць мяса ўтрая больш, чым суседзкі, некаторым таварышам зробяць абразанне», — кажа бізнэсовец.

У 2009 годзе па лініі Беларускага саюзу прадпрымальнікаў Міхаіл Шурым быў далучаны да падрыхтоўкі дзяржаўнай праграмы разьвіцьця Нарачанскага рэгіёну на 2011–2015 гады. І дамогся, каб дадаткам туды быў уключаны пункт аб стварэньні парку сучасных ізраільскіх тэхналёгіяў на базе прадпрыемства «Сырмеж». Ідэя была агучаная на агравыставе 2009 году ў Тэль-Авіве і праз год знайшлася ў прэзыдэнцкім указе. Першым пунктам значылася малочна-таварная фэрма на 1000 галоваў, але ізраільскі бок быў гатовы разгледзець кожную годную прапанову.

«Ідэя простая, — тлумачыць бізнэсовец. — Ізраільская страхавая кампанія і будаўнічая фірма „Агры-Го“ крэдытуюць праект на 80% яго кошту — пры наяўнасьці гарантыі „Беларусбанку“, якая цяпер на ўзроўні ўрадавай. Пішу ліст тагачаснаму старшыню Менскага аблвыканкаму Батуру. Паважаны Барыс Васілевіч, Ізраіль гатовы прафінансаваць кожны наш праект. Што, з вашага гледзішча, найбольш актуальна? Ён пачытаў... і даў каманду зьліквідаваць гаспадарку. Адкуль тое ўзялося? Прапаную інвэстыцыі ў краіну, а замест гэтага нахабна забіраюць маю ўласнасьць».

У «Сырмеж» на той момант ужо было ўкладзена прыкладна 3 мільёны даляраў уласных сродкаў Міхаіла Шурыма — даўгі, паліва, кармы, угнаеньні, заробкі. І калі да пачатку 2012-га прынцып «перацягваньня канату» з уладнай вэртыкальлю яшчэ даваў вынік, у выніку адміністрацыйны рэсурс усё ж паказаў сваю моц.

Калі «часовае захаваньне» азначае «назаўжды»

У 2012 годзе ў гаспадарку прыехала цэлая каманда кантралёраў, якія зафіксавалі расколіны ў стольным перакрыцьці на фэрме ў вёсцы Астраўляны — у тэхнічным пераходзе, якім пагалоўе выводзілі на вуліцу і заганялі назад. Гэта было ацэнена як парушэньне тэхнікі бясьпекі, што пагражала здароўю людзей і жывёлы. Пабудова, як і ўсе іншыя, засталася ў спадчыну ад папярэдніх уласьнікаў.

Не чакаючы вынікаў дзяржаўнай экспэртызы і права на судовае абскарджваньне, Мядзельскі райвыканкам стварыў камісію для перадачы на «часовае захоўваньне» буйной рагатай жывёлы з МТФ «Астраўляны» на ААТ «Мядзелаграсэрвіс».

Цягам вясны, лета і восені партыямі рознай колькасьці была выведзеная скаціна з усіх пяці малочна-таварных і адкормачных фэрмаў, якія былі на балянсе УП «Цепласеткі». 767 галоваў дарослай жывёлы і маладняку перамясьцілі ў іншыя гаспадаркі раёну: згаданы ўжо «Мядзелаграсэрвіс», «Зані», «Пруднікі-Агра», «Будслаўскае», «Слабадзкая зара», «Міжазёрны край» і на птушкафабрыку «Новая зара». Прадстаўнікі МТФ «Сырмеж» ад падпісаньня актаў перадачы адмовіліся, лічачы захады райвыканкаму супрацьзаконнымі.

«Ну, нельга так: прыйсьці і ўчыніць экспрапрыяцыю! — эмацыйна рэагуе Міхаіл Шурым. — Я кантралёрам сказаў: добра, закрыю праход, пакуль будзем рамантаваць, ніхто туды ня сунецца. Пагатоў ёсьць рэзэрвовыя выхады. Аплямбуйце браму, забараніце доступ — гэта мая праблема, дзе даіць маіх кароваў. Калі лічыце, што не магу карыстацца маёмасьцю, мусіце замовіць экспэртызу, дачакацца вынікаў. Замест гэтага правялі адкрытую канфіскацыю! Мы прынцыпова ні пад адным актам не падпісаліся, бо гэта нонсэнс — нідзе ў заканадаўстве няма нормы „часовае захоўваньне“».

Сваіх каровак Міхаіл Шурым больш не пабачыў. А разам і даяркі, падвозчыкі, мэханізатары, якія ўмомант аказаліся бяз працы. Больш чым 6 гадоў ідуць ліставаньні на розных узроўнях, за гэты час юрыдычны статус «канфіскату» размыўся дашчэнту. Неаднаразова памянялася кіраўніцтва ў раённым і абласным выканкамах, новыя чыноўнікі ня хочуць адказваць за справы, ініцыяваныя папярэднікамі.

«Існуе заканадаўства, згодна зь якім штосьці забіраць бяз згоды ўласьніка можна выключна паводле рашэньня суду, — гаворыць прадпрымальнік. — Толькі суд мае права сканфіскаваць маю ўласнасьць. Супраць „Сырмежу“ ніякіх працэсаў не было, Мядзельскі райвыканкам выступіў гэткай „тройкай“: сам абвінаваціў, сам пакараў. І калі маем прэцэдэнт, што прыватную ўласнасьць можна забраць без рашэньня суду, гэта ганьбіць краіну. У лісьце на імя кіраўніка Камітэту дзяржаўнага кантролю мы так і напісалі».

Перажыўшы канфіскацыю статку, Міхаіл Шурым ня стаў адкладаць пасяўную кампанію: за свае грошы пасеяў кукурузу. Аднак напярэдадні ўборкі райвыканкам загадаў кіраўніку суседняга калгасу зжаць шурымаўскае поле, што той і зрабіў. Увесь ураджай на 50 гектарах пайшоў у чужую кішэню. На цалкам законных падставах, лічаць у органах улады.

А на хвалі змаганьня з афрыканскай чумой свіней «Сырмеж» забавязалі зьнішчыць усё сьвіное пагалоўе. Ніякай кампэнсацыі за больш чым 1000 галоваў гаспадар не атрымаў — а гэта 200 тысяч даляраў нават паводле сьціплых ацэнак.

«Прыдумалі „эпідэмію“ АЧС, так я лічу, — працягвае Міхаіл Шурым. — Былі выдадзеныя нарматыўныя дакумэнты, пачынаючы ад міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і ніжэй, аб ліквідацыі ў кожным раёне сярэдніх і дробных гаспадарак. Я таксама атрымаў загад з выканкаму: вывесьці з абарачэньня і спаліць сьвіней. Пакажыце мне тое месца пакараньня! Скарысталіся неразьбярыхай, каб пад шумок пусьціць на каўбасу. Ніхто нічога не паліў, лухта ўсё. Скралі і прадалі — на жаль, свае таксама ў гэтым паўдзельнічалі».

Няўдалая спроба вярнуць уласнасьць

Тым часам даўгавыя абавязаньні расьлі, трэба было плаціць работнікам, якія не са сваёй віны страцілі працу. Міхаіл Шурым прапанаваў варыянт: яму вяртаюць 20 кароў зь «Мядзелаграсэрвісу», каб закрыць пабежныя выдаткі. Але ўдалося атрымаць кампэнсацыю толькі за трох.

У 2017 годзе эканамічны суд Менскай вобласьці забавязаў «Мядзелаграсэрвіс» вярнуць прадпрымальніку Міхаілу Шурыму 17 галоваў больш чым на 35 тысяч рублёў, аднак рашэньне ня выкананае да сёньня. У тлумачэньні даўжніка гаворыцца, што ў арганізацыі няма жывёлы, перададзенай на захаваньне ў адпаведнасьці з рашэньнем камісіі. Дзе яна можа быць, невядома.

Акрамя таго, прадстаўнікі аграпрадпрыемства спасылаюцца на трохгадовы тэрмін пазоўнай даўніны: маўляў, яшчэ напачатку 2013 году той жа абласны Эканамічны суд адмовіў задаволіць патрабаваньне МТФ «Сырмеж» прызнаць несапраўдным рашэньне Мядзельскага райвыканкаму аб канфіскацыі з фэрмаў гаспадаркі дарослай жывёлы і маладняку.

Распачатая працэдура банкруцтва малочна-таварнай фэрмы «Сырмеж», адбываецца конкурснае вяртаньне даўгоў крэдыторам. Пакуль ідуць судовыя і гаспадарчыя разборы, жывёлагадоўчыя комплексы распаўзаюцца па швах. Дзесьці дапамагаюць мясцовыя жыхары — цэглу зь некалькіх фэрмаў расьцягнулі ў невядомых кірунках, зьнятыя тысячы лістоў шыфэру, выкарчаваныя ваконныя прахоны. Некалькі аб’ектаў нерухомасьці ў Сырмежы яшчэ належаць «Цепласеткам», але пэрспэктывы іх выкарыстаньня цьмяныя.

Практычныя высновы бізнэсоўца

Як кажа Міхаіл Шурым, ягоны прыклад інвэставаць у аграпрамысловы комплекс яскрава паказвае, як дзейнічае чыноўніцкая сыстэма ў Беларусі.

«Усё загубілі, разграмілі, — канстатуе наш суразмоўца. — У чым, аднак, быў сэнс 138-га ўказу? З дапамогай прыватнага капіталу дапамагчы сялянам. Але нават з майго досьведу бачна: райвыканкамам гэта непатрэбна, мы для іх -- бяльмо на воку. Вынішчылі практычна ўсіх уласьнікаў, якія набылі калгасы, — амаль нікога з тых 200 чалавек не засталося. Каго як: нават за тое, што не выконвалі разнарадкі з раёну, колькі пасеяць азімых ці пасадзіць бульбы. Ды нафіг мне ваша бульба?.. Тым ня меней, без прыватнай уласнасьці будучыні сельская гаспадарка ня мае, як бы хто гэтаму ні працівіўся».

За 8 гадоў працы ў сельскай гаспадарцы вынікі Міхаіла Шурыма склалі: 767 кароваў і цялятаў, згадка пра якіх засталася толькі ў актах перапісу; больш як 1000 сьвіней, зьніклых у барацьбе з АЧС; пасевы і пашы, экспрапрыяваныя на карысьць іншых гаспадарак; сельгастэхніка, за капейкі пушчаная з малатка ў аплату даўгоў; 3 мільёны незваротных даляраў, укладзеных у даўгі і інфраструктуру; 100 вяскоўцаў, вымушаных езьдзіць на працу за дзясяткі кілямэтраў ад дому.

Пазыцыя Мядзельскага райвыканкаму

«Ніякая вытворчая дзейнасьць у гаспадарцы цяпер не вядзецца, адбываецца працэдура банкруцтва, — патлумачылі летась “Радыё Свабода” у Мядзельскім райвыканкаме. — А паколькі зямля ў нас дзяржаўная, прападаць не павінна, яна перададзеная іншай гаспадарцы і апрацоўваецца. Што да ўласнасьці, мы прапаноўвалі спадару Шурыму яе набыць. Ён адмовіўся, такое ягонае рашэньне. Таму ці штосьці будзе, ці ён канчаткова ўсё пахавае як уладальнік».

На здымках: на вялікі жаль, нягледзячы на высілкі М. Шурыма, ваколіцы Сырмежа і вытворчыя аб’екты дагэтуль усё яшчэ ніяк не “цягнуць” на квітнеючую аграрную тэрыторыю…

Крыніца ілюстрацый: «Радыё Свабода»

(Захавана арфаграфія тэксту з першакрыніцы)


Система Orphus


КОММЕНТАРИИ К МАТЕРИАЛУ

    ПОИСК ПО САЙТУ

    СКАЗАНО!

    Ярослав ЦВЕЙ, д.с.н., профессор, зав. отделом агроэкомониторинга и проблем земледелия Института биоэнергетических культур и сахарной свеклы НААН (Украина):

    – Не сказал бы, что украинские свекловоды сейчас сталкиваются с неразрешимыми вопросами. Подотрасль развивается, хотя и сложно, но мы держимся. Растут затраты на строгое следование технологии выращивания, и главные тут катализаторы – повышения цен на удобрения, гербициды. В стране избыток сахара, а реализовать лишки, допустим, в республики Средней Азии не представляется возможным – Россия фактически не пропускает туда украинский сахар…

    ЦИФРА

    5 белорусских птицефабрик

    получили полный допуск на поставки широкого ассортимента (включая крылышки, бедра, голени, куриные лапки и др.) своей продукции на рынок КНР. Об этом сообщил министр сельского хозяйства и продовольствия Республики Беларуси Анатолий ХОТЬКО, общаясь с журналистами 11 ноября с.г. во время пресс-конференции в Национальном пресс-центре.

    ГЛАС(З) НАРОДА

    Туристские потоки в Синеокую что-то обмелели…

    Республиканский Союз туристических организаций (РСТО) отправил в Министерство спорта и туризма свои предложения, посвященные важной для государства теме – как в рамках частно-государственного партнерства активнее развивать въездной туризм.

    СИЗОХРЕНИЯ

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Фото Владимира СИЗА.

    ПОЧТА@AGROLIVE.BY

    Логин:
    Пароль:

    (что это)