ЛИЦА

Іван КІРЧУК: “Мы ходзім па золаце -- і ніяк не падымем…”


Яго называюць то шаманам, то музыкам-віртуозам, то ледзь не адзіным сёння сапраўдным фалькларыстам, нястомным зберагальнікам беларускасці. Лідэр этна-трыо “Троіца” Іван Кірчук – сапраўды магутная постаць! Вечарына-прэзентацыя новай, ужо трэцяй па ліку кнігі маэстра – “Горит свеча у алтаря», якая прайшла ў КЗ “Мінск”, – падарыла шмат прыемных імгненняў. І… адкрыццяў! Талент Кірчука – яшчэ і ў тым, што ён умее быць розным. Да таго ж, неблагім апавядальнікам. Вам цікава, як адкрываўся перад публікай слынны музыка на гэты раз? Тады – калі ласка, своеасаблівы “збор” выказванняў з вечарыны…

Аб дзённіках і “Алавяных салдаціках” з “Грэнадзёрамі”

— Я хацеў, каб у трэцяй кнізе было тое, чаго няма у дзвюх іншых – большае паглыбленне ў духоўнасць, праца над сваім унутраным адчуваннем, калі хочаце. Я ж з 70-х гадоў мінулага веку вёў дзённікі, але, на жаль, нічога не захавалася. Ці марыў спяваць са сцэны беларускі фальклор? Не, мараком быць марыў… А ў сям’і спявалі польскія песні, дарэчы. Потым, у Лідскай вучэльні, таксама быў некалькі іншы, акадэмічны накірунак. Прыйшлося ў свой час перанесці мутацыю голасу, нават фальцэтам нешта выконваць спрабаваць. Ліда ў савецкія часы была месцам незвычайным – з… рок-клубам, вось і я марыў стварыць свой гурт. Мара здзейснілася ў арміі, дзе прычыніўся да двух калектываў – “Алавяныя салдацікі” і “Грэнадзёры”. Ведаеце, я працаваў з такімі музыкамі тады, што сам быў слабейшым з усіх…

Аб наказе Юрыя Семянякі: “Займайся фальклорам, гэта – выгадна!”

— На свой шлях выбіўся далёка не адразу. Пакуль вучыўся, здзіўляўся, як па-рознаму можна спяваць – у Інстытуце культуры дзіўна было чуць спевы іншыя, чым акадэмічныя. У галаве – мешаніна… Працягваў жа захапляцца рок-музыкай, праслухоўваўся ў Віктара Роўды, але – спужаўся, калі шчыра, трапіць да мэтра. Нешта трохі праяснілася, калі прыйшоў да высновы, што фальклорныя спевы – яны ж, аказваецца, неаднолькавыя ў розных кутках Беларусі! Гэта сталася сапраўдным адкрыццём. Ужо ў 1983 годзе, працуючы ў Мінскім культпрасветвучылішчы, стаў паціху збіраць народныя песні, не пакідаючы захапляцца рокам, між іншым. Памятаю добра, як знакаміты кампазітар Юрый Семяняка, паслухаўшы мяне, сказаў такія словы: “Займайся фальклорам – гэта выгадна!” Так, дасюль, і займаюся…

Аб гурце “Дзіва”, Пелагеі Шмялёвай і батлейцы

— Спачатку стварылі мы гурт “Дзіва”, які выконваў стылізаваны аўтэнтычны фальклор з элементамі імправізацыі. А яшчэ адно ўзрушэнне хутка, у 1984-м, напаткала мяне ў любанскай вёсцы Сарачы. Шмат гадзін слухаў я простую вясковую кабету-пявунню Пелагею Шмялёву. Ажно 100 песень запісаў ад яе, а тая вазьмі ды і скажы, што гэта толькі тыя, якія яе маці “належалі”! І, усё роўна, вярнуўся я ў Мінск, упэўнены ў тым, што стаў знаным фалькларыстам… На самой жа справе – толькі дакрануўся да велізарных багаццяў, якія збіраліся продкамі не адзін век.

Потым быў запіс на рэспубліканскім радыё ўнікальнага мужчынскага спеву – ад саміх носьбітаў з вёскі Гаўрыльчыцы. Прыкладна ў той жа час стаў захапляцца батлейкай. А гурт “Дзіва” паступова пераўтвараўся ў невялікі фальклорны тэатр, “абрастаў” рэквізітам, перабіраўся на новую базу – у Рэспубліканскі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі. Неяк выступалі мы ў Сочы, дык пасля міністр культуры Беларусі зрабіў для сябе адкрыццё – “адкуль вы ды хто такія?” На той момант гурт “Дзіва” існаваў ужо… 10 гадоў!

Аб тым, як Шаўчук з Наміным “Троіцу” адзначылі і пра сольны альбом

— У 1995-м з’явіўся гурт “Троіца”. Яго адзначылі ў Маскве Юрый Шаўчук і Стас Намін, а тут – амаль незаўважна ўсё рухалася. Я перайшоў на працу ў БДПУ імя Максіма Танка, дзе стаў займацца рэканструкцыяй народных абрадаў і свят. Адметная падзея таго часу – паездка ў Галандыю. А там, гасцяваўшы ў доме адной сляпой жанчыны, разжыўся музычнымі інструментамі з розных куткоў свету. Гэта паклала пачатак яшчэ аднаму набытку – калекцыі. Яна папаўнялася , дарэчы, і адмысловымі работамі беларускіх майстроў – іх, таленты такога кшталту, у нас знаходзіліся. І мяне знаходзілі, на карысць справе – музычнай, найперш. Напрыклад, смык і ліра ў маёй калекцыі – ад вядомага майстры Усевалада Жукоўскага. Ну, а першы мой сольны альбом, “Спадчына загінуўшых вёсак”, быў запісаны ў той жа Галандыі. Не ў Беларусі… Такі лёс, мабыць…

Аб тым, чаму цяжка паўтарыць унікальны монаспектакль “Варажбіт”

— Мне ўсё карцела паказаць – жывы ён, дух славянскі! Існуе, лунае недзе у небе! Мабыць, ад гэтага жадання ў 2003-м і нарадзіўся не зусім звычайны монаспектакль “Варажбіт”. Я там на некалькіх пляцоўках паспрабаў паказаць дзею аб тым, што ёсць чалавек і яго прысутнасць на зямлі. І ў атачэнні стыхій – Зямлі, Вады, Паветра… Толькі адзін раз у свой час паказаў “Варажбіта”, узнавіў жа спктакль толькі ў 2013-м, да свайго 55-годдзя. Зрабіць яшчэ раз? Але ці ж збярэцца добрая зала?! Не адчуваю, што патрэбна зноў паказваць перад невялікай колькасцю гледачоў. На жаль, пакуль цікавасць да сваіх каранёў не стала для беларусаў нечым неад’емным, патрэбным для душы.

Аб лекавых уласцівасцях палескага фальклору

— Быў у маім жыцці перыяд працы ў Маскве, на не зусім звычайных сцэнічных пляцоўках – там, дзе збіраліся ўсялякія лекары, экстрасенсы. Але гэта не было некім там сектанствам, не… Прынамсі, тое, што давялося паказваць, напрыклад,унікальны палескі фальклор – сапраўды мела лекавы эфект на гледача. Чуў, што і зараз некаторыя масквічы прывозяць хворых родзічаў з таго же буйнога мегаполісу на… беларускае Палессе. Менавіта – паслухаць тамтэйшыя спевы! Яны вельмі моцныя па эмацыянальным і нават фізічным уздзеянні…

…Вось што думаў не раз: мы, беларусы, такія багатыя на фальклорную спадчыну, такія багатыя! Але ж… нічога не можам, не умеем паказаць. Ходзім па золаце і ніяк не можам падняць. Тэлефільм рэжысёра Сяргея Рыбакова “Сонцам асвячуся…”, дзе зроблена спроба крыху прыадчыніць гэтыя багацці, — ледзь не адзіная спроба! І тады, і цяпер, зрэшты, таксама амаль ніхто не хоча брацца за гэты важкі пласт нашай спадчыны, хоць вялікія архівы ёсць на рэспубліканскім радыё, у Акадэміі навук. Я – не бог, проста сціпла раблю нешта, каб лішні раз звярнуць на гэта ўсё ўвагу…

Аб дысках па 30 еўра і труне загадзя

— Вельмі прыкра, але толькі ад’едзеш ад мяжы на Захад – у кожнай замежнай краме бачыш дыскі з этна- музыкай. Сваёй! Каштуюць, дарэчы, па 30 еўра за асобнік. На мой погляд, такія адносіны да спадчыны продкаў маюць вялікае значэнне для будучага кожнай нацыі. А я дык, калі шчыра, стаміўся ўжо распавядаць на розных канферэнцыях, што мы, беларусы, таксама нешта маем у плане фальклору. Кажу, запэўніваю, але паказаць наглядна амаль што і не маю магчымасці. Што пакінем у спадчыну мы сваім нашчадкам? Апошнім часам гэтае пытанне надта турбуе, не дае спакою…

…Успамінаю, як тая ж пявуння з Сарачоў Пелагея Шмялёва агарошыла мяне такім фактам: аказваецца, у іх вёсцы завядзёнка была – кожны загадзя рыхтаваў сабе… труну. І песня адпаведная ёсцека. І шмат чаго яшчэ дзіўнага, філасофскага і чароўнага пакінулі для нас продкі! Трэба толькі пачуць іх покліч праз стагоддзі. Аб гэтым імкнуўся сказаць сваёй нядаўняй праграмай “Дарожка мая…”, дзе спалучыў элементы варажбы, тэатральнай імправізацыі і… асаблівага стаўлення да жыцця. Таго, што няўмольна губляецца за гарадской мітуснёй. І з кожным годам – губляецца ўсё шпарчэй…

Аб музычным інструменце пад назвай “падковафон”

— Бачыце, які незвычайны інструмент сёння гучаў? (Паказвае прама на сцэне – Аўт.). Падковафон – так бы яго назваў. Я тут яшчэ не вельмі яго асвоіў, вось чалавек з Крупак, ведаю, з куды большай віртуознасцю задзейнічаў падковы ў музыцы. У кожнага – сваё бачанне, як кажуць. І свой крыж па жыцці? Не, я лічу – чалавек не нясе крыж свой, ён як бы знаходзіцца ўнутры, пасярод тых людзей, якія яго акаляюць. Пасярод свайго роду… Прыгледзьцеся да беларускіх рушнікоў – у іх арнаменце закладзена гэтая глыбокая мудрасць ад продкаў. Можа, таму, што павыкідвалі рушнікі з кватэр сваіх, — і хварэем, моцы часта не маем жыць?..

Аб экспедыцыі да сваіх каранёў

— Не паверыце, але за 33 (!) гады, што займаюся фальклорам, і адным беларускім, — толькі ў мінулым годзе запісаў ад сваёй маці яе песні. Польскія… Лічу, што пачаткам вяртання да свайго, роднага для кожнага беларуса павінна стаць такая вось вандроўка-экспедыцыя да сваёй маці. Да сваіх каранёў. Да таго, што мусім страціць, калі не прыпынімся і не азірнёмся…

Аб тым, ці лёгкая ноша выпала…

— Пытаецеся, а як нясу ўсё гэта? Паціху — так неяк… Асабліва не напружваючыся. Паступова назапашвалася, збіралася — я ж толькі тры дзесягоддзі займаюся фальклорам, не так і шмат (усміхаецца). Ці панеслі мы, музыкі, фальклор у народ? Самае складанае і неадназначнае пытанне! Чуеш часам: “Не чапайце аўтэнтычны фальклор!” Але тады, хто яго чапаць будзе?! І, галоўнае, хто пра яго будзе ведаць?! (Дарэчы, на кафедры, дзе працую зараз, адмянілі набор студэнтаў на стацыянар, толькі завочнікаў рыхтуем). Мы, музыкі, на тое і творцы, каб шукаць сваё, нешта мяняць, толькі, зразумела, падыходзіць да матэрыялу беражліва. Наконт носьбітаў і неносьбітаў… Каб жыў я ў вёсцы, насіў вышыванку, дык, што, толькі ў гэтым выпадку меў бы права дакрануцца да фальклору?!

Гэта – і адказана, і складана, і непапулярна зараз — працаваць з фальклорам. Шмат маладых людзей з шыкоўнымі ад прыроды галасамі ідуць куды заўгодна, на эстраду, найперш, але – не прычыняюцца да фальклору. На жаль, няма дастатковай раскруткі ў краіне гэтага важнага культурнага пласту – народнай музыкі. Няма “удосталь” дыскаў, не стае фэстаў адпаведных, у таленавітай творчай моладзі няма магчымасці запісваць першыя вопыты і дзяліцца імі са слухачом…

Аб жонцы і лісце кубанцаў да Лукашэнкі

— Ці падзяляе мае погляды на жыццё, творчасць і памкненні жонка? Так, ёсць жа сям’я, сынок маленькі. Сустрэліся, на шчасце, два чалавекі, якія адзін аднаго разумеюць. Жыццёвы подзвіг з майго боку? Трохі смешнавата пра гэта разважаць, улічваючы, што ні адной узнагароды ў роднай дзяржаве я пакуль, відаць, не заслужыў. Калі мне прысвояць нейкае званне? Не ведаю, не ведаю… Сто фэстаў праехаў па ўсім свеце, прапагандуючы беларускасць, а ўсё – без рэгалій, не зарабіў. Ужо досыць даўно кубанскія мэтры, музыкі, начале з Віктарам Захарчанкам, кіраўніком Кубанскага казачага хору, напісалі цэлы ліст да Прэзідента Беларусі. Прасілі ўзнагародзіць Кірчука, я нават ліст гэты ў Мінкульт аднёс. А кніжкі… Напэўна, больш пісаць не буду. Няхай “Горит свеча перед алтарем…» запомніцца вам, як своеасаблівая духоўная, медытацыйная споведзь…

На здымку: падчас вечарыны-прэазентацыі новай кнігі Івана Кірчука ў КЗ “Мінск”, 18 верасня 2014 года.

Фота AGROLIVE.by


Система Orphus


КОММЕНТАРИИ К МАТЕРИАЛУ

    ПОИСК ПО САЙТУ

    СКАЗАНО!

    Иван АМОСОВ, сооснователь компании 101dom.by, занимающейся строительством деревянных домов с использованием белорусских традиционных материалов и методик:

    – Если бы деньги, израсходованные на строительство БелАЭС, страна потратила на развитие альтернативной энергетики и внедрение соответствующих идей в жилищное строительство… Было бы куда больше пользы – и в государственном масштабе, и для отдельных граждан. Это повлекло бы за собой некий тренд, моду даже. И люди бы не опасались, например, делать ставку на использование того же самого теплового насоса. Надо понимать: газу есть альтернатива! Нужно только показать ее, убедительно пропиарить. Дело бы пошло. Оно и так движется, правда, потихоньку. И, все равно, в Беларуси достаточно энтузиастов, которые уже используют альтернативные источники энергии для своих домов. Свое жилье многим реально сделать более энергонезависимым собственными усилиями!

    ЦИФРА

    Более Br712 млн

    выделено из бюджета на реализацию в 2017 году мероприятий госпрограммы развития аграрного бизнеса в Беларуси, рассчитанной до 2020 года. Такое решение закреплено постановлением Совета Министров №62 от 23 января текущего года, сообщили БЕЛТА в пресс-службе правительства.

    ГЛАС(З) НАРОДА

    Фермера из-под Гомеля разорили чиновники?

    В деревне Страдубка, что в Гомельской области, с работой – не лучшая ситуация. А потому молодой человек – активный, с ветеринарным образованием – Иван ХВОИН решил заниматься собственным хозяйством и за счет этого жить.

    СИЗОХРЕНИЯ

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Вверх по склону, ведущему вниз…

    Фото Владимира СИЗА.

    ПОЧТА@AGROLIVE.BY

    Логин:
    Пароль:

    (что это)